RFE/RL |
Мая мама памерла зусім маладзенькай кабетай, не дажыўшы нават да 30 гадоў:
паталягічная цяжарнасьць, давялося рабіць складаную апэрацыю, якую рабіў
Клумаў. Тады я Клумава ня бачыў, як мама ляжала ў шпіталі, толькі чуў дужа
пра яго. Апэрацыя прайшла добра, нармальна, але потым было заражэньне крыві.
Антыбіётыкаў у той час не было, выратаваць яе не ўдалося. І ўзімку 1940
году, ў фінскую вайну, у страшэнныя тыя маразы, калі па Беларусі вымерзьлі
сады, мама памерла…
І вось недзе ўжо вясной 41 году, перад самай вайною, ехаў я з бабуляй Гэляй, мамінай маці, ў трамваі, і ў трамвай зайшоў нейкі чалавек: стары, саламяны капялюш трымаў у руцэ, – і бабця мяне схапіла так за руку і громка сказала: “Patrz, Walus, to jest morderca twojej mamusi. Zapamientaj jego twarz”. Я сумеўся і, нават, не зразумеў, чаму гэты чалавек – забойца маёй маці, і чаму я павінен запомніць яго твар. А пазьней бабка сказала, што гэта Клумаў. А тады, як той чалавек гэта пачуў, ён адразу сышоў на наступным прыстанку. І хто мог падумаць, што ў час вайны, у 42 годзе, я зноў сустрэнуся з гэтым чалавекам. Мяне, хлапчука, пасылалі зь некаторымі даручэньнямі людзі зь беларускага падпольля, у прыватнасьці, жанчына такая была – Надзея Міхайлаўна Баўбель. Яна мяне паслала па пэўным адрасе, я ня ведаў, да каго я іду. Трэба было перадаць адну такую ўмоўную фразу. Сэнс гэтай фразы цяпер, нават, і ня важна ўспамінаць. Але чалавекам, да якога я прыйшоў, аказаўся той самы Клумаў. Ён потым распытваў мяне, хто мае бацькі, як я жыву, з кім я жыву, і я не адважыўся, ня змог сказаць яму, што гэта ён рабіў некалі апэрацыю маёй маме, праз што яна і памёрла. І вось я сядзеў, а ён мяне, хлапчучка, зацягнуў літаральна сілай да сябе на кухню, пачаставаў гарачай гарбатай з цукрам, з добрым, сапраўдным хлебам, чаго я ня бачыў ад пачатку акупацыі ў вочы, і так я яму і не сказаў, якім чынам ягонае імя зьвязанае з маёй маці, зь яе лёсам. І пайшоў. Ён на разьвітаньне даў мне вялікую лусту хлеба. І вось як жыцьцё завяршае такія сюжэты. Нядаўна мне давялося хадзіць да маёй жонкі, якая ляжала ў шпіталі, у 3-й клінічнай лякарні імя Клумава. Звычайна не зьвяртаеш на гэта ўвагу. А вось як пачаў зараз хадзіць, раптам паглядзеў на гэтыю шыльду, дзе напісанае гэтае імя, і разгубіўся – неяк ударыла як маланкай і ў памяці, і ў сэрцы. Прамільгнула ўся гэтая гісторыя. Клумаў быў растраляны ў 44-м годзе. Ён быў схоплены гестапа, калі правалілася менскае падпольле, ў 42-м годзе. Ён быў закатаваны, нікога ня выдаў, ніводнага прозьвішча не назваў, і быў растраляны. І вось так ягоны лёс і ягонае імя назаўсёды для мяне павязаныя з маёй мамай, з маім дзяцінствам даваенным, ваенным і пасьляваенным маім жыцьцём. Валянцін Тарас
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |