RFE/RL |
Жыцьцё маё праходзіла каля мясакамбіната, каля Чэрвеньскага базару. Жыла
я на Крупскай вуліцы.
Мы жылі каля мясакамбіната, а есьці ўвесь час у дзяцінстве хацелася. Былі пасьляваенныя гады, бегалі глядзець на мясакамбінат, як там, што, дзе. Як скаціну забівалі: ішлі каровы, коні ў стойлы, у некаторых сьлёзы цяклі… Есьці ўсё роўна хацелася. Часьцяком кралі зь мясакамбіната. Бягу я аднойчы – мне пад ногі туша, поўкабана… Я пабегла ўзяць дарослых, каб дапамагчы несьці дамоў. Пакуль прыйшлі, дык ужо хто скраў – той і забраў, нам не дасталося, сьлядок толькі застаўся. А праз некаторы час нас сабачка наш накарміў, быў у нас такі Мушка, сучка. Добры быў сабачка, але яго надта не любіў наш міліцыянт участковы і паштальёны, бо яна іх кусала. Дык пасьля прыйшлося пазбавіцца яго, але ён нас падкормліваў, бегаў на мясакамбінат, аднойчы прыцягнуў цэлы трыбушок такі, дык маці забрала ў яго, пачысьціла, памыла, і зьелі мы гэты трыбушок, і, канешне, з сучкай трошку падзяліліся, і ёй далі паесьці. Цяжкія гады пражылі, цяжкія. І зараз няма дабра. Валянціна Шынко
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |