RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Маё паяўленьне ў старэнькай хаце ў вёсцы Мора 3-га сакавіка 1925 году чакаў неласкавы лёс. Белы сьвет убачыў я не адразу пасьля нараджэньня. А толькі 4-х гадовым хлапчуком.

Будучы немаўлём, лежачы ў плеценай ракітавай калысцы, падвешанай на вяроўцы да столі, спасьцігла мяне трагічнае захворваньне – сьлізістых абалонак маіх вачэй. Так званая трахома.

4 гады я пастаянна перабываў у цемры, у нізкай хаціне са шчыльна завешанымі акенцамі. І калі толькі нехта прыпадняў занавеску, я ніцма падаў.

У летні час, калі ўся сям’я адпраўлялася ў поле, я цэлымі днямі цярпліва сядзеў у цемры, на падлозе ў хаціне, чакаючы бацькоў і сястру Ніну. У сямігадовым узросьце яна сярпом жала жыта.

На жаль, беларуская вёска на Беласточчыне ў міжваенны пэрыяд ня мела лячэбных умоваў. Адзінай асобай, якая спрабавала тады дапамагаць хворым людзям, была шаптуха Маляшыца.

Помню, шаптала яна нада мною дзівосныя замовы. Можа й таму, калі нехта цудам не памёр, мы думалі, што шаптуха дапамагла.

У сапраўднасьці мой дзіцячы арганізм перамог грозную трахому настолькі, што я пасьля 4-х гадоў мог глянуць на сьвет.

Выйшаў я ўпершыню на двор, і акаляючы сьвет уразіў мяне да тае ступені, што я адчуў сябе як у дзівоснай казцы. Інакш успрымае дзіця навакольны сьвет, назіраючы яго штодзённа. Зусім інакш, калі яно сутыкнецца з гэтым сьветам раптоўна.

Уражаная мая душа была настолькі, што я ня мог не перадаць іншым сваіх думак. Ня ўмеў я яшчэ пісаць ды чытаць, ня ведаў беларускай літаратурнай мовы. І таму пасьвіў зь вясковымі хлапчукамі каровы.
Запомніў вясковыя вершаваныя куплеты. Дапасоўваў да іх нейкія мэлёдыі.

Сьпяваў хлапчукам гэтыя куплеты, чым выклікаў захапленьні сяброў.
А калі ў школе пачаў вывучаць польскую мову, пераліваў на паперу свае першыя паэтычныя спробы, зь якімі знаёміў сваю настаўніцу.

Калі за савецкаю ўладаю вучыўся ў беларускай дзесяцігодцы, я, са сваімі вершамі, ужо па-беларуску, быў ськіраваны на алімпіяду дзіцячай творчасьці ў Бельск-Падляскі. І так пачалося маё пабрацімства з паэзіяй, якое працягваецца да сёньня

Віктар Швэд
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org