RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Было гэта ў 1993 годзе. Тады ўжо трэці раз запар адзначаўся фэст бардаўскай песьні, што ладзіўся групай аматараў на Крапівеньскім полі пад Воршай у гонар перамогі беларускага войска над войскам Маскоўскай дзяржавы ў 1514 годзе.

Як звычайна, там сабралася шмат сяброў Беларушчыны: у асноўным моладзі. А фэст ладзіўся ў начны час. Былі розныя барды: Мельнікаў, Шалкевіч, Мухін.

Калі каманда ўраду Кебіча пачанала шукаць сваю нейкую ідэялёгію, чыноўнікі атрымлівалі загад адстойваць яе і змагацца з апазыцыяй, па магчымасьці, ідэялягічнымі спосабамі, пераконваць людзей у сваёй праваце і г.д.

І вось якраз у той вечар да нас пад’язджае “волга”, выходзіць зь яе чалавек гадоў 40-45 і прадстаўляецца старшынём Дубровенскага гарвыканкаму спадаром Ляшчынскім.

Ён прынес з сабой розную гістарычную літаратуру, у якой даводзіцца, што ніякай перамогі пад Воршай няма, што рускі й беларускі народы зьяўляюцца самымі блізкімі сябрамі, і няма ніякай нагоды, каб адзначаць бардаўскі фэст, пры чым пастаянна цытаваў паперы расейскіх гісторыкаў.

І што далей рабіць? Прапанавалі, каб ён пасядзеў з намі, паслухаў, як песьні сьпяваюцца, бо і ноч на вуліцы і што спрачацца пра гістарычную перамогу – была яна ці не, калі ўжо ідзе культурніцкая акцыя?

Ён паслухаў некалькі сьпеваў. Якраз выступаў Ігар Мухін са сваімі лірычнымі песьнямі, а яны ў яго вельмі пранікнёныя. Хто чуў, той ведае, што гэта такое. І мне здаецца, гэтага чыноўніка песьні ўзялі за душу, што называецца.

Праз паўгадзіны я зноў падыходжу да таго мейсца, дзе ён стаяў, і бачу, што спадар ужо сядзіць у кампаніі нейкіх маладых людзей, трымае ў руцэ келішак невялікі, і падобна, што спрэчка наконт таго, што ж адбывалася ў 1514 годзе, плаўна перарасла ў абмеркаванне гэтых падзеяў.

Самае цікавае, што потым пачаў выступаць Андрэй Мельнікаў са сваім патрыятычным цыклам песень, прысвечаных Балаховічу. І здзівіла мяне тое, што ўсе маладыя людзі, якія прысутнічалі пад час фэсту, пачалі падпяваць, і нават ня ведаючы словаў, гэты старшыня Дубровенскага гарвыканкаму таксама пачаў падпяваць.

Такім чынам, на некалькі гадзінаў атмасфэра, якая прысутнічала на гэтым фэсьце, зрабіла з чыноўніка высокага рангу прыхільніка тагачаснай апазыцыі, і больш ён да нас з доказамі таго, што перамогі ў 1514 годзе беларускае войска не атрымлівала, не прыяжджаў.

Алесь Шутаў, Ворша
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org