RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Тую плётку, што вось у Белавескай пушчы быў разбураны Савецкі Саюз, часьцей за ўсё мне прыгадваюць тыя, хто не чытаў і белавескіх пагадненьняў, і наогул не разумее, што такое Саюз, чым ён быў і павінен быць.

Справа ў тым, што калі мы прыехалі ў Белавескую пушчу – а прыехалі мы туды на сустрэчу, на якую я запрасіў Ельцына, Краўчука, каб упарадкаваць складаныя эканамінчыя пытаньні, якія ўзьніклі паміж Расеяй, Украінай і Беларусьсю, якія абвесьцілі сябе незалежнымі. І шчыра кажучы, ніякага дакумэнту не было, не было нават загатоўкі яго. Былі пэўныя думкі, але падкрэсьліваю – мы прыехалі туды, каб разабрацца ў эканамічных адносінах і вырашыць, што рабіць далей.

Саюз на гэты час быў развалены, і гэта ўсе нармальныя людзі разумелі. Усе, хто сур’ёзна займаўся палітыкай або паліталёгіяй, разумелі, што ён быў развалены перш за ўсё таму, што быў некіруемы. У пэўным сэнсе цяперашняя Расея нагадвае той Саюз, але ён быў значна глыбей развалены. Таму што цяпер, калі ў Расеі, напрыклад, непадпарадкоўваецца Прымор’е або непадпарадкоўваецца Чачня ці яшчэ нехта, гэта адна справа, а тады непадпарадкоўваліся практычна ўсе суб’екты былога СССР, яны лічылі, што Масква навязвае ім непатрэбную палітыку, і, фактычна, адмовіліся ёй падпарадкоўвацца.
Але цяжка было жыць без Расеі, таму трэба было зь ёй дамаўляцца.

І самае важнае, што на працягу адной гадзіны сустрэчы ў Белавескай пушчы, куды мы вельмі хацелі прыцягнуць яшчэ і Назарбаева (але ён чалавек асьцярожны, ён застраў у Маскве – ён ня ведаў, ці то Гарбачоў возьме верх, ці то іншая групоўка), і вось мы ўтрох вельмі хутка прыйшлі да той высновы, што мы канстатуем, што СССР, як геапалітычная рэальнасьць перастае існаваць. Мы нават не напісалі, што ён перастаў… На расейскай мове гэта гучала: “СССР как геополитическая реальность прекращает своё существование…” І калі мы аб гэтым дамовіліся, то трэба было напісаць усе тыя пункты, якія б дазволілі гэты мірны развод, гэтую мірную канстатацыю таго, што СССР як геапалітычная рэальнасьць ужо не існуе… каб гэта не прывяло да нейкіх складанасьцяў, каб не пачалася грамадзянская вайна, каб не было таго, што мы пасьля пачалі называць “югаслаўскім варыянтам”.

На працягу аднаго дня мы, фактычны, дапрацоўвалі кожны артыкул, які за ноч падрыхтавала група, куды ўваходзілі добрыя палітыкі ад Украіны, Беларусі і Расеі. Але ніводная фармулёўка, апрача вось гэтага сказу, што “СССР как геополитическая реальность прекращает своё существование…”, ніводная фармулёўка не была прынятая назаўтра ў тым варыянце, у якім прапанавала яе рабочая група.

Да васьмі гадзінаў вечара ўсё было скончанае, мы сабралі прэсавую канфэрэнцыю і аб’явілі ўсім, што падпісалі такое пагадненьне.

Цяпер часта забываюць, што пагадненьне было падпісанае шасьцю асобамі. Гэта кіраўнікі дзяржаваў і прэм’ер-міністры трох суб’ектаў. А заява аб падпісаньні гэтага пагадненьня ў дэталях, фактычна палітычная заява, была падпісаная Ельцыным, Краўчуком і мною. І я ганаруся гэтым да сёньняшняга дня.

Станіслаў Шушкевіч, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org