RFE/RL |
Я вось успамінаю, нават жывёлу ніколі не называлі чалавечымі імёнамі. Карову
называлі “Лялька”, і мая дачка яе падпасвала. Дабрэнная, таўшчэнная, такая
вялізная, добрая карова, якую трэба было яшчэ пасьвіць ды пасьвіць, каб
яна наелася і прынесла тыя поўныя тры вядры малака.
І сталася так, што матуля ў больніцу трапіла – пнэўманія, запаленьне лёгкіх – гэта цэлы месяц. Біліся-біліся сёстры мае малодшыя з гэтаю кароваю, і напярэдадні ўжо вясны, напрадвесьні, узялі тую карову ды прадалі… Не прадалі, а здалі ў калгас. Гэтая кароўка, як трапіла туды, то адбылася такая гісторыя. Па-першае, калі яны паведамілі матулі ў больніцы, то зь ёю здарыўся сардэчны прыступ – ледзь адратавалі бабулю маю. А потым прыйшла яна дахаты – пусты хлеў зеўрае расчыненымі дзьвярмі. А я якраз ішла ад электрычкі туды, дахаты. І бачу (а ўжо траўка зялёная) – імчыцца тая Лялька, схуднелая, гарбатая, рэбры тырчаць, нясецца з пашы – уцякла ад калгасных кароў да свайго дому. Пакуль я ўжо дабегла насустрач, у двары ўжо такая была карцінка – бабуля плача горкімі сьлязьмі, а карова Лялька, паклаўшы галаву на плячо… я ніколі ня бачыла сьлёз у жывёлы, а тут – сьлёзы ну як бабіны. А тут наганяе пастух гэтую карову, улятае ў двор з лямантам, з гвалтам, дзікімі словамі крые гэтую карову і гэтую бабулю, да якой карова ўцякла. Баба Валя выхапіла ў таго дрын ды чуць пастуху не дала па гарбу. Карову напаіла, накарміла, размаўляе зь ёй. Я слухала, толькі збоку ўжо назірала: “Ты ўжо, Лялька, выбачай, ты ўжо даруй нам. Ня маю я сіл ні карміць, ні паіць, ні ваду цягаць ад калодзежа – далёка. Пацярпі, патрывай там”. Лялька прывяла ў калгасе двух цялят, двойню. Гэта напярэдадні, вось напрадвесьні, здалі цельную карову – гэта дзіва было, гэта жах быў для матулі і аднавяскоўцаў. Двое цялят, але такую дойную карову, з такім вялізным вымем, якая ніколі ня бачыла гэтай мэханічнай дойкі, раздаіць не ўдалося. І яна на халоднай падлозе атрымала гэты так званы мастыт, расхварэлася і здохла тая кароўка. Ну а матуля? Матуля таксама гэтую страту ня вытрымала, расхварэлася яшчэ болей – трэцяе запаленьне лёгкіх. Гэты боль быў ад таго, што памяняла яна радзіму мілую на месца пастылае. Як і кароўцы нельга адрывацца ад дому свайго, ад хлява свайго, так і бабулі маёй, адарванай ад Гродзеншчыны, ад Любанічаў любімых, і пераехаўшы быццам бы недалёка, у той жа Беларусі, – ня здолела яна, ня вытрымала, ня выжыла яна тут, не прыжылася. Такая вось гісторыя. Галіна Суша
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |