RFE/RL |
Была ў мяне адна ноч, якая кардынальна зьмяніла ўсё маё далейшае жыцьцё,
– ноч, калі я з безаблічнага савецкага чалавека, чый адрас ня дом і ня
вуліца, а ўвесь аграмадны Савецкі Саюз, ператварылася ў беларуску, якая
трывала стаіць на ўласнай зямлі. Ідзе час, памяць губляе побытавыя дэталі,
але застаецца тое адчуваньне, той настрой, якія, відаць, і былі галоўнымі
і стварылі падзею.
У 1986 годзе сяброўка прывезла мяне ў Полацак сьвяткаваць Купальле. Гэта было амаль падпольнае і з абрадавага боку чыста сымбалічнае сьвяткаваньне. Сябры тагачаснага наваполацкага літаб’яднаньня “Крыніцы” сабраліся спачатку ў хаце Лявона Баршчэўскага ў Запалоцьці, пасьля пайшлі на бераг Дзьвіны, набралі сухога ламачча і распалілі вогнішча. Ці то чароўная купальская ноч ці што іншае сталася прычынай, але вогнішча і людзі вакол яго разам адчуліся выспачкай сапраўднай рэальнасьці сярод штучнай і няпэўнай так званай савецкай рэчаіснасьці. Гэта было тое, на што можна было абаперціся, для чаго варта было жыць. Ня памятаю, ці гарэлі тады на берагах вялікія дымныя вогнішчы з гумовых аўтамабільных балёнаў – так сьвяткавала Купальле мясцовая моладзь. Я бачыла толькі нашае маленькае вогнішча, людзей, падобных на якіх я ніколі не сустракала. Невядомы яшчэ ў Амэрыцы Сяргей Сокалаў (пакуль не Сяржук, пакуль ня Воюш) сьпяваў пад гітару нешта з таго, што потым сталася цыклем песьняў пра касінераў, сядзелі побач, слухалі і падпявалі Лявон Баршчэўскі (яшчэ не дэпутат і адзін са стваральнікаў элітарнага беларускага ліцэя), Уладзімер Арлоў (аўтар усяго толькі адной кніжкі апавяданьняў “Добры дзень, мая шыпшына” – цяпер іх у яго з паўсотні), Навум Гальпяровіч (яшчэ ня сябра Саюзу Пісьменьнікаў, новапалачанін), некаторыя іншыя, якіх я зараз ня згадваю. Ня тое, што гаварылі і рабілі гэтыя людзі, вырабіла за адну ноч са звычайнай дзяўчынкі тыпу “гомо сав’етыкус” сьвядомую беларуску. Яны нікога не агітавалі, не заваблівалі – яны проста былі, і гэтага аказалася дастаткова. Прайшло 14 гадоў, у маім жыцьці мяняліся гарады і людзі, але гэтае вогнішча дагэтуль грэе мяне і асьвятляе маю дарогу. Лера Сом
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |