RFE/RL |
Я хацела б успомніць пра свайго прадзядка. Можа быць гэта чалавек недастаткова
вядомы ці проста недастаткова ўспамёнуты. Ён дажыў да 93-х год, але вызначаўся
ня гэтым. Справа ў тым, што ў свой час ён быў дырэктарам Мастацкага музэя
Беларусі да 1944 году. Потым ён быў галоўным мастаком парцалянавага заводу
ў Менску, доўгі час працаваў над аздобай самога Менску. Гэта Мікалай Пракопавіч
Міхалап. Кім быў ягоны бацька невядома. Ёсьць такое сямейнае паданьне,
што нарадзіўся ён ад пакаёўкі вельмі заможнага пана, прычым адразу, як
пакаёўка стала цяжарнай, выдалі яе замуж за чыгуначнага майстра Міхалапа.
Але той пан настолькі кахаў сваю пакаёўку, што калі ў сыны выявіліся мастацкія здольнасьці, ён скіраваў яго ў Пецярбург, дзе той скончыў вучэльню барона Шцігліца па прафэсіі “кераміст”. Акрамя таго, даў ён адукацыю сваёй малодшай дачцэ Кацярыне. Сам бацька зьгінуў падчас грамадзянскай вайны, якраз у той час як йшоў на сустрэчу са сваёй сям’ёй. Сам дзед адслужыў першую сусьветную вайну ў чыгуначным баталёне, пасьля рэвалюцыі ажаніўся на дваранцы, яе бацька быў дэпутатам 4-й Дзярждумы. Яна прапрацавала ўсё жыцьцё бібліятэкаракай. З Ноўгарад-Северску, дзе пазнаёміліся, яны ад’ехалі ў Віцебск, дзе прадзед разам з Пэнам, Шагалам арганізавалі знакамітую мастацкую школу. Папрацаваўшы некаторы час там, дзед пераяжджае ў Менск, дзе становіцца адным з арганізатараў мастацкага музэю, і якраз займаецца яго калекцыямі. Да 1941 года, да эвакуацыі музэя. Пасьля вяртаньня ў Менск у 1945 годзе ён становіцца галоўным мастаком парцалянавага заводу. Па ягоных праектах былі вырабленыя большасьць парцалян таго часу. Прычым ён бярэ знакамітыя слуцкія паясы, застаўкі з рукапісных кнігаў, драўляную разьбу, якую ён зьбіраў па вёсках, і на гэтых падставах ён распрацоўвае ўзоры, малюнкі для вось гэтае керамікі. Ягоныя вазы, дарэчы, дагэтуль знаходзяцца ў музэях. Усе сёньняшнія ліхтары ў Менску ўпрыгожаныя такімі прыгожымі спаднічкамі з выявамі слуцкіх паясоў – гэта якраз ягоная праца. Анастасія Скеп’ян, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |