RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Ня ведаю, ці ёсьць яшчэ такі народ, у сьведамасьці якога вайна займала б гэтулькі мейсца, як у беларусаў. Пры ўсёй сваёй неваяўнічасьці, генная памяць нацыі перанасычаная ваеннаю энэргетыкай. Не кажучы пра пакаленьні старэйшыя, вайна для якіх – натуральны ўспамін, але й мы, саракагадовыя, ня дужа далёка адыйшлі ў гэтым сэнсе ад сваіх бацькоў. Хоць погляды нашыя на ваеныя падзеі, асабліва сёньня, могуць быць кардынальна рознымі.

Недзе ў сярэдзіне 60-х гадоў пачаў наяжджаць у нашую вёску нехта Такуеў. Мы, дзеці, нічога ня ведалі пра гэтага дзядзьку, хоць і прыгадвалі, што зладзеяватых і малых шкоднікаў дарослыя часам называлі “такуеўцамі”. Што гэта такое – мы ня цямілі, а тым больш не маглі зьвязаць гэта зь нейкім Такуевым, хоць бы таму, што на грудзёх таго дзядзькі блішчэла зорка Гэроя Савецкага Саюза.

Такуеў наяжджаў з двума аўтобусамі сталічных піянэраў, некалькі дзён запар ён вадзіў дзяцей па навакольных лясох, паказваючы яміны, дзе нібыта былі партызанскія зямлянкі. А вечарамі мяйсцовае начальства наладжвала ў нашай школе грандыёзныя п’янкі ў гонар гэроя.

Колькі гадоў усё было ціха, аж пакуль некаму з райкома не закарцела наладзіць сустрэчу гэроя з удзячным народам. І наладзілі. У вялізны вясковы клюб набілася тры сотні вяскоўцаў. На сцэне за чырвоным сталом – Такуеў ды таварыш з раёну. Раённы, шчасьліва ўсьміхаючыся, урачыста абвяшчае, што да нас прыехаў сам гэрой Такуеў.
– Папрыветствуем яго, таварышы. – Выгукнуў раённы ды запляскаў у ладкі.

Пляскаў жа ён адзін. Заля маўчала. Колькі хвілінаў цягнулася ніякаватасьць, а пасьля пачалося. Адна за другой уставалі вясковыя цёткі, і хто з пагрозай, а хто са сьмехам, а хто і са сьлязамі зьвярталіся да гэроя:
– Такуеў, калі ты вернеш маю карову? Такуеў, такую тваю такую, аддай майго кабана. Такуеў, а ці праведаў ты па вёсках сваіх байструкоў? Іх жа многа.

О, гэта было нешта! Бедны Такуеў яшчэ спрабаваў штосьці плесьці пра “такое было ўрэмя” і “усем было цяжало”, але сілы, што наваліліся на гэроя, былі няўмольнымі. Я памятаю, якімі вясёлымі разыходзіліся людзі з таго сходу. Ну пераможцы дый годзе!

Такуеў больш не прыяжджаў, а ў вёсцы зьмянілася начальства.

На тым сходзе была і мая стрыечная бабуля, жанчына вельмі набожная. Усе ведалі, што ў царкве яна моліцца за супакой ня толькі сваёй памерлае радні, але й за нейкага Курта.

Пасталеўшы, я даведаўся, што баба Юзя ды дзевяць ейных дзяцей выжылі ў тую вайну дзякуючы немцу Курту, бо такуеўскія сокалы ня толькі зьвялі ў лес юзіну карову, але й павыносілі з хаты ўсё, што трохі было вартае. Немаладога ўжо веку Курт быў нямецкім рабочым-антыфашыстам ды шчырым вернікам. Пэўна, дзякуючы веры, ён служыў не ў баявым войску, а ў гаспадарчых службах.

Курт прыходзіў у хату Юзі, прыносіў харчы, бавіўся зь дзецьмі, дужа шкадаваў іх і песьціў, вельмі часта плакаў, лаяў Гітлера і паказваў фота сваіх “кіндэраў”. Іх было ў Курта шасьцёра.

Болей за ўсё Юзя ды суседзі баяліся, каб пра немца не даведаліся такуеўцы, бо іхных начных візытаў баяліся болей, чым нямецкіх інтэндантаў.

Калі ў 44-м годзе прыйшлі савецкія войскі, Курт адстаў ад сваіх і хацеў здацца, але патрапіў не да войска, але да такуеўцаў, якія доўга разьбірацца ня сталі…

Рознае ёсьць жыцьцё, розныя былі лёсы, розная была вайна.

Рыгор Сітніца
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org