RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я нарадзілася на Ўкраіне, у горадзе на Дняпры. Я хадзіла ва ўкраінскую школу, мая маці сьпявала ўкраінскія песьні.

І пад час вайны, калі бацька ў першыя дні пайшоў на фронт, мы з маці павінны былі праз некаторы час ад’ехаць з роднага гораду і апынуліся на Каўказе, непадалёк ад Пяцігорска, а потым перасеклі Касьпі, потым – Каракум і Кызыл-Кум і апынуліся аж у Ташкенце, у дзіцячым доме, дзе мы хутка вывучылі тую мову, і маглі ўжо зь мясцовымі дзецьмі размаляць на іх мове.

Калі мы вярнуліся ў наш родны горад, мы знайшлі пісьмо ад бацькі, які ўсю вайну праваяваў на беларускай зямлі – ён ваяваў у партызанскім атрадзе на Берасьцейшчыне, – і ён запрасіў нас прыехаць у Менск, дзе ён на той час працаваў ужо.

Гэта было 8 сакавіка 1945 года, вайна яшчэ ня скончылася, і мы з маці і старэйшай сястрой, калі выйшлі з цягніка, убачылі зусім зруйнаваны горад – нават вуліцы не былі яшчэ расчышчаныя. Маці пакінула нас каля невялічкага драўлянага доміка, адкуль неслася музыка. Маці шукала вуліцу Абутковую, пыталася, як туды прайсьці, бо транспарту ніякага не было ў горадзе. І так здарылася, што калі музыка спынілася, я ўпершыню пачула беларускую мову. Яна здалася мне такой мэлядычнай, такой лірычнай і такой мяккай, што я нават падумала, што ўкраінская мова нейкая грубейшая, а гэтая – вельмі мяккая, добрая мова; дык і народ, які гаворыць на гэтай мове, павінен таксама быць добрым, павінны быць добрыя людзі…

І вось праз 50 гадоў я не зьмяніла свайго ўражаньня. Зараз, калі ў мяне ёсьць магчымасьць гаварыць з маімі сябрамі ці з маімі суседзямі на беларускай мове, я адчуваю нейкую асалоду.

Так здарылася, што калі я ўжо была на пэнсіі, я выкладала французкую мову ва ўнівэрсытэце. Аднойчы да мяне патэлефанаваў дырэктар Гуманітарнага ліцэя і спытаўся, ці не магла б я выкладаць французкую мову ў ліцэі па-беларуску. Я была самаўпэўненая і згадзілася. Але гэта была мая памылка.

Я ня ведала беларускую мову так добра, каб на ёй выкладаць французкую. Калі я пачала, дык дзеці мне казалі: “Валянціна Міхайлаўна, вы робіце шмат памылак”. Я казала ў адказ: “Вы таксама ў французкай мове робіце шмат памылак”. Так мы і вучылі адно аднаго.

Я з усьмешкай успамінаю той добры час, калі нам выпала так добра папрацаваць.

Валянціна Саўчук
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org