RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хачу распавесьці пра часы, калі на Беларусі панавала такая хвароба, як малярыя. У Менску была створаная малярыйная санэпідэмстанцыя. Бацька мой узначальваў яе і быў галоўным лекарам. Лічыцца, што пераносчыкам малярыі зьяўляецца камар, а там, дзе балаты – дык там і гэты назойлівы, пісклівы драпежнік.

Недзе адразу пасьля вайны была наладжаная экспэдыцыя на Палесьсе з мэтай ліквідацыі гэтай хваробы. Чамусьці ў экспэдыцыі адпраўлялі з сем’ямі. Ад пачатку зь Менску ў Пінск дабіраліся двухматорным самалётам Лі-2, далей ехалі грузавіком. Было лета і падарожжа было даволі цікавае. Калі ўжо прыехалі на месца прызначэньня ў глухую палескую вёсачку, дык некаторыя людзі, якія ўпершыню ўбачылі машыну, палохаліся і называлі яе самакатам.

У экспэдыцыі даводзілася працаваць усім, нават і дзецям. Разносілі па хатах такія вельмі горкія жоўтыя таблеткі – акрыхін, якія палешукі ня вельмі хацелі ўжываць. Калі яны бачылі, што мая маці з дзецьмі адпраўляецца па хатах, дык хаваліся ад нас у склепах. Але маці мая была даволі дужай жанчынай, і часам жыхарам сілком даводзілася ўжываць тыя лекі.

Але больш за акрыхін палешукі баяліся саветаў. Кажуць, што калі іх запісвалі ў калгасы, дык некаторыя зь іх уцякалі ў лес і стваралі групы так званых лясных братоў. Побач была Ўкраіна і пра бандэраўцаў таксама ўсе ведалі.

Хваробы дапякалі ўсіх, бацьку даводзілася аказваць дапамогу розным людзям, усім, хто да яго зьвяртаўся. Мабыць, сярод іх былі і лясныя браты. Залішне казаць, што гэта было небясьпечна. Дзячылі вельмі шчыра, вёдрамі – вядро тварагу, вядро сьмятаны, вядро яек, вядро мёду.

Неяк даволі хутка малярыя ў Беларусі зьнікла, а станцыю давялося зьліквідаць.

Алесь Шатэрнік, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org