RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я ведаў Лукашэнку, але не дастаткова, каб ведаць, што ён можа ператварыцца ў дыктатара. Першыя крокі Лукашэнкі, калі ён пачаў працаваць як прэзыдэнт, былі дастаткова рынкавыя.

Ён адразу правёў дэнамінацыю беларускага рубля. І другое – ён зрабіў крок, каб адпусьціць кошты на прадукты харчаваньня. Гэта было дастаткова рынкавае і дастаткова цяжкае рашэньне, якое ён прыняў.

Вось гэта неяк паўплывала на мае думкі, і я палічыў, што можа быць, нягледзячы на ягоныя якасьці, ён будзе нешта рабіць у напрамку рынку. Ну і калі мне прапанавалі ісьці на тую пасаду, я меў гутарку як зь Лінгам (ён быў тады намесьнік прэм’ера), так і з Лукашэнкам, і мы дамовіліся, што, па-першае, краіна будзе рухацца ў напрамку рынкавай эканомікі, і, па-другое, яна застанецца незалежнай краінай. Гэта мяне падзьвігла на гэты крок.

Я падтрымліваў Беларускі Народны Фронт на выбарах прэзыдэнта, вельмі шмат часу мы правялі і пабывалі ў багата якіх месцах разам з Пазьняком, дзе я выступаў супраць існуючага рэжыму і таксама выступаў супраць Лукашэнкі. І перад тым, як пагадзіцца на тую прапанову, я спытаў у ценявога ўрада – ісьці ці не. Большасьць (амаль усе) выказалася за тое, каб ісьці.

Ну відаць маюць рацыю тыя, хто кажа, што інтэлегенты заўсёды павінны быць у апазыцыі да любога ўраду, таму што які б ён ня быў добры, усё роўна будуць нейкія памылкі, будуць нейкія дрэнныя захады і г.д. Можа быць і так. Але калі ўрад успрымае нейкі ўплыў з боку інтэлегенцыі, дык чаму ж туды не схадзіць? Чаму не паспрабаваць нешта памяняць? Відаць, інтэлегент не павінен заставацца з боку. Пры вельмі дрэнным урадзе ён павінен заставацца з народам, даводзіць аб’ектыўную інфармацыю аб тым, што ёсьць і як трэба зрабіць, каб было лепш. Пры менш дрэнным урадзе ён можа туды і пайсьці, каб зрабіць для народа лепш. Ну а калі ўрад такі, як зараз у нас, тады там інтэлегенту рабіць няма чаго.

Аляксандар Сасноў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org