RFE/RL |
Запомнілася, як у нашай дзяржаве за беларускую мову давялося мне адседзець
у адмысловым разьмеркавальніку на Акрэсьціна.
На Дзень Волі ў 97 годзе сябры з нашай Койданаўшчыны праходзілі ля Касьцёлу Сымона і Алены, і палкоўнік міліцыі прапусьціў усіх сяброў, якія ішлі са мной, таму што яны звычайна размаўлялі з уладамі на расейскай мове, а я загаварыў па-беларуску. Палкоўнік адразу ж па рацыі выклікаў амапаўцаў, і тыя адразу пасадзілі ў “крумкач”. За свой век – 50 гадоў – я ніколі ня быў пад сьледзтвам, ніколі не лічыўся злачынцам. Бацькі асуджалі – трэба ціхмяна сядзець, пакорліва чакаць… Яны ўсё такі лічылі мяне нейкім чынам злачынцам, хаця я за сабой ніякай віны не адчуваю. Злачынцамі можа лічыць тых, хто зруйнаваў маю родную вёску, дзе я нарадзіўся, вёску Энэргію. Толькі 25 гадоў праіснавала гэтае паселішча. Улады думалі ўзяць вялікія ўраджаі пасьля асушэньня балотаў, а атрымалася наадварот. Пасьля асушэньня без мінэральных угнаеньняў ужо нічога не расьце. Нашую вёску спасьціг лёс вельмі незвычайны. Праз некалькі дзесяцігодзьдзяў, калі я наведаўся са сваімі сынамі, Захарам ды Ягорам, у гэтае мястэчка, там нічога ўжо не было, ніякіх ні вытворчых пабудоваў, ні жытла. Некалькі дзесяцігодзьдзяў таму апошні жыхар, Невяроўскі, зьехаў адтуль. На тым месцы звычайная капальня, дзе здабывалі жарству, прычым, гэтая капальня ўжо закінутая. Узвышаюцца там насыпы-піраміды гэтай жарствы. Вось гэта і ёсьць злачынства, вось гэта злачынства ўладаў, гэта зьдзек над асобай, над прыродай. Міхал Сантаровіч, Койданава
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |