RFE/RL |
Гэта было ў 29 гаду ў вёсцы Ісакава Буда Чавускага раёну. Бацьку аблажылі
цьвёрдым – 12 пудоў лёну і нешта яшчэ… Ён ня выканаў. За гэтае невыкананьне
яго пасадзілі ў турму ў Магілёў. Брата 18-гадовага пасадзілі ў турму ў
Чаўсы. Калі мама даведалася, дзе яны, яна пайшла туды, панесла перадачу.
Нас было чацьвёра зусім малых: мне сем гадоў, сястры малодшай тры гады,
старэйшай дзесяць гадоў і яшчэ старэйшай – дванаццаць гадоў. І калі мама
ішла дамой, то ёй сказалі: “Тацяна, не хадзі дамой, тваіх дзяцей зараз
хочуць вывезьці. Дык можа бяз бацькі, бяз маткі нікуды не павязуць”. Але
гэта не дапамагло.
Прыехалі з Камітэту беднаты і два міліцыянеры з аружжам. Як стралялі ў паталок, я і зараз памятаю. Трэба было штосьці памыць, дык мая сястра пайшла паласкаць на Копань (была такая…), дык міліцыянер зь ёй пайшоў. Яна паласкала, а ён над ёй стаяў… І яны тры ці чатыры дні чакалі маму, яшчэ ўсё вагаліся – вывазіць ці не вывазіць. А дзярэўня ўся сабралася, цэлы двор наш, і ўсе так плакалі, так галасілі – я ўсё гэта памятаю. Яны ўсё роўна нас пагрузілі… Толькі вельмі спрачаліся, сані ці калёсы – вось гэта вельмі добра памятаю. Наканец пасадзілі на калёсы і такім чынам прывезьлі нас у Магілёў. Там столькі ўжо было гэтых раскулачаных! Нам выдзялілі такі во маленькі кружок… Наканец я ўбачыла – прыйшоў мамін плямяньнік і сказаў: “Што ж вы робіце?” Міліцыянер сказаў: “Забярыце”. Вось нас чатыры чалавекі забралі, а мама так і асталася тут. Але ж за ей ганяўся Камітэт беднаты, каб яе ўсё такі заарыштаваць, а калі будзе ўцякаць – застраліць. І маме далі чужы дакумэнт, пашпарт. Яна была Церашонак Тацяна, а ёй далі пашпарт – Ступакова Мар’я Іванаўна, і з гэтым яна жыла да 34-га года, пакуль тата на Салаўках не захварэў туберкулёзам, і яго сьпісалі пад нагляд НКВД у саўхоз НКВД. Вот ён прыехаў, і тут ён нас сабраў і маме дабіўся яе імя. Жыць не было дзе, і нам далі баню. Мы ў гэтай бані так і жылі. Сьценкі мы выклеялі газэтамі і журналамі, а там ўсё Ленін, Сталін, Ленін, Сталін – вось што я запамятавала. Папа во так во пакажа нам і кажа: – Дзеткі, вось гэта два зьвера, Ленін і Сталін. Дык глядзіця, нікаму ні кажыця, што я так вам сказаў. Але ведайця, што гэта два зьвера. Во што ён нам сказаў перад сьмерцю, можна сказаць. Так і памёр ён у гэтай бані. Ніна Самухіна, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |