RFE/RL |
Мяне цікавілі праблемы станаўленьня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918
годзе і далейшыя падзеі, што адбываліся ў сувязі з гэтым. І вось тады я
зрабіў такую маленечкую схему разьвіцьця беларускага нацыянальна-вызвольнага
руху ў ХХ стагодзьдзі. Цікава, што апошнімі кропкамі я пазначыў год 83-ці,
потым быў 2000-ны. Паводле маіх падлікаў, пасьля другой Сусьветнай вайны
беларускі нацыянальна-вызвольны рух практычна зьнік ў Беларусі. А ў 2000-м
я вывеў такую схему. Калі ўзяць умоўна насельніцтва Беларусі за 100 адсоткаў,
то 25 працэнтаў я адвёў нацыянальна сьвядомым беларусам, а 75 адсоткаў
я пакінуў за так званымі савецкімі беларусамі, улічваючы ўсе суб’ектыўныя
і аб’ектыўныя фактары.
Нарэшце прыйшоў 91 год, калі мы атрымалі незалежнасьць, мары ўспыхнулі зноў. А тут парлямэнт адкрыў тэлефон, па якім можна было пазваніць, зьвярнуцца да дэпутатаў, унесьці свае прапановы. Здаецца, гэта быў канец 93 года, перад самы новым годам, бо мы ўжо сядзелі ў хаце, зьбіраліся сустракаць Каляды, і я вырашыў затэлефанаваць на гэты тэлефон. Званю, задаю надзвычай важнае для сябе пытаньне, ці не зьбіраецца беларускі парлямэнт разгледзець пытаньне аб законнасьці-незаконнасьці перадачы беларускіх тэрыторыяў – Беласточчыны ў 1945 і Віленшчыны ў 1939 гадох – да іншых дзяржаваў. Ці мае нашая дзяржава адмаўляцца ад тых земляў. Нейкі дзядзька мне адказваў. Вы ведаеце, Беларусь падпісала Гэльсынскія пагадненьні аб непарушнасьці межаў. Я кажу, што я выдадтна ўсё гэта ведаю, я сам гісторык, але на маю думку, нашая дзяржава мусіць выказаць сваю пазыцыю па тых пактах, аб тым, што ўсё гэта было незаконна і гэтак далей. Ну нічога з маіх прапановаў не адбылося ў нашым парлямэнце. Для сябе я вырашыў – Бог зь імі, з тымі Віленшчынай, Беласточчынай, хай бы нашая дзяржава тут квітнела, нам хопіць гэтай зямлі. Ну а сёньня я мяркую, каб я тады намаляваў іншую схему, то можа і ня так бы было дрэнна ў нашай краіне? Але сёньня мы мае тое, што маем. Сяргей Рыбчонак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |