RFE/RL |
Гэта была вайна. Сядзелі ціха, баючыся ўсяго. Было ўсяляк, але былі і такія
моманты, якія ўсё ж цешылі душу. Памятаю ўсё гэта вельмі добра, дзеля таго,
што ўрачысты настрой панаваў заўсёды, калі чакалі прыезду Забэйды. Калі
весткі пра яго прыезд даходзілі да нас у Вільню, бацька пісаў верш на прывітаньне
Забэйды, і я яго вывучала і рыхтавалася яго сустракаць і віншаваць. Дзеткі
зь беларускай школы, усе ў нацыянальных строях, мы несьлі яму кветкі, віншавалі,
ну а я дэклямавала верш.
І ня толькі сам гэты момант быў урачысты, але і чаканьне яго. Я памятаю, як бацька прыходзіў з працы, вячэраў, і пасьля вячэры казаў: “Ну, як вывучыла, паслухаем”. А я ж ведала, што гэта будзе ў Тэатры опэры і балету. Людзей шмат – гэта ня ў нейкай маленькай залі, і мне трэба было вельмі гучна дэклямаваць. І я тады на ўвесь голас, колькі было сілаў у гэтай кухні дэклямавала верш. Трэба было мяне прызвычаіць да таго, што кожны павінен пачуць, нават на апошнім раду.Гэта мне заўсёды паўтаралі. І вось аднойчы я папрасіла, каб ён мне падпісаў свой здымак. Кажа: “Добра, вось прыходзь да мяне (а ён затрымоўваўся заўсёды на Полацкай вуліцы), і я падпішу”. Я бяру сваю сяброўку Аню Антановіч, ідзём мы. Праўда, сустраем яго ўжо недалёка ад хаты, на мосьціку цераз Віленку. І ён кажа: “Давайце, здымак падпішу”. Узяў здымак, паглядзеў, а пасьля трэба было пакласьці там, на гэтым мосьціску на пярэўлю. Выняў нейкую паперку й кажа: “Паложым, каб наш мастак не папэцкаўся”. І падпісаў. Гэты здымак вельмі мне дарагі, хоць я маю некалькі падпісаных ім здымкаў. Там ён падпісаў: “Мілай Міры Станкевічанцы”. Міраслава Русак
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |