RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Тое, аб чым я хачу расказаць, было вельмі даўно – у 1945 годзе.

Мне тады было 14 гадоў, я жыла ў Бэрліне, набліжаўся канец Другой сусьветнай вайны. Амэрыканцы і ангельцы бамбардавалі Бэрлін, пераважна ўначы. З Бэрліну трэба было ўцякаць, але ў цягнік пушчалі толькі зь нейкай пасьведкай, з дазволам. Па пасьведку трэба было ехаць у цэнтар гораду.

Вось 3 лютага я туды накіравалася. Знайшла адпаведную ўстанову – там вялікая чарга. Раптам завылі сырэны – значыць ізноў бамбёжка.
Установы адразу зачынілі, усе пабеглі хавацца: хто ў бункеры, хто ў падзямельле, на станцыю падземкі Ангальтэрбангоф. Я пабегла ў падземку, а па дарозе туды сустрэла суседку – нашу паэтэсу Натальлю Арсеньневу.

І вось толькі мы селі ў пусты вагон мэтро, як пачулі выбухі на гары. У нас згасла сьвятло, а праз увесь вагон праляцеў мужчынскі капялюш. Стала неяк жудасна. Паступова мы зразумелі, што бамбёжка гэтая незвычайная – задоўга яна трывае. Праз гадзіну і нейкіх дзесяць хвілін далі адбой. Ну, думаю, хутчэй бы дастаць тую пасьведку – і дадому.

Але калі мы з Натальляй Арсеньневай выбраліся на паверхню, дык пабачылі, што ня толькі ад той установы не засталося ніякага сьледу, а наагул увесь цэнтар – гэта было суцэльнае вогнішча. Гарэлі ня толькі будынкі, а трамваі, аўтабусы, дрэвы. Значыць, трэба было неяк уцякаць з гэтага пекла.

Натоўп бяжыць у адзін бок, мы за імі. Раптам павяртаюцца і бягуць у другі бок, бо наперадзе нельга прайсьці. І так было некалькі разоў. Але нарэшце знайшлі адну вуліцу, дзе з аднаго боку была рэчка, а з другога – пяці-шасьціпавярховыя будынкі. Усе яны гарэлі, некаторыя ўжо нават сьвяціліся наскрозь. Сама вуліца досыць вузкая, ну, ясна, заваленая слупамі, шклом, правадамі. Гарачыня была жахлівая – смурод, дым, попел. Дыхаць не было чым. Зачынілі твары каўнерамі ад паліто і ўцягнулі проста галовы ў паліто.

Раптам я бачу, што побач няма Арсеньневай. Аглядаюся назад – а яна ўпала: заблыталася ў правадох. Я падбегла да яе, дапамагла ёй падняцца, і як толькі мы адбеглі мэтраў дваццаць, за намі рухнуў на маставую той будынак. Пад ім загінула некалькі дзясяткаў людзей.

Ну ўрэшце выбраліся мы з таго пекла. Бэрлін горад велічэзны, мы жылі на ўскраіне, вельмі доўга дабіраліся пешкі і ніяк не маглі зразумець, чаму на нас неяк дзіўна глядзяць, а дзеці проста тычуць пальцамі і сьмяюцца. Аказваецца ня толькі нашае адзеньне было падранае ў некаторых месцах, але твары нашыя былі зусім чорныя.

Ну а пасьля стала ведама, што гэта каля тысячы амэрыканскіх бамбавікоў наляцелі на Бэрлін, і бамбёжка гэтая, 3 лютага 1945 году, была найбольшая за ўсю вайну. Загінула ў той дзень каля 20 тысяч жыхароў.

Галіна Руднік
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org