RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У 1948-м годзе, пасьля заканчэньня на “выдатна” тэхнікума ў Берасьці, я паступіў у маскоўскае ВНУ. Тым часам у заходніх рэгіёнах БССР доўжылася гвалтоўная калектывізацыя з ужыцьцём самых розных мэтадаў шантажу й прымусу, а на аднаасабнікаў накідваліся вялікія падаткі. Апрача падаткаў, кожна аднаасобнік павінен быў нарыхтаваць 15 кубоў лесу ў год у аддаленым леспрамгасе.

Адзін з правяральшчыкаў, пабачыўшы ў маёй маці даведку аб выкананьні лесанарыхтовак, нахабным голасам паведаміў, што лесу нарыхтавана мала і ўручыў новае патрабаваньне аб дадатковай нарыхтоўцы 75 кубоў лесу. Празь некалькі дзён маці пісьмова паведамілі, каб яна зьявілася ў райвыканкам. Там яна была арыштаваная і асуджаная з канфіскацыяй маёмасьці, улучна з хатай. Такім чынам, мой малодшы брат, вучань восьмае клясы, апынуўся на вуліцы бяз сродкаў існаваньня.

Праз год пасьля таго мяне паклікалі ў дырэктарат, дзе сакратарка ўручыла паперку, у якой паведамлялася, што я выключаны са сьпісу студэнтаў без усялякай матывацыі прычыны. Я пайшоў у аддзел кадраў, каб забраць дакумэнты. Кіраўнік аддзелу выдаў мне асабовую справу, дзе быў падшыты ліст з райвыканкаму. У лісьце апісвалася матэрыяльнае становішча нашай сям’і за часамі польскай адміністрацыі, канстатаваўся факт нашага знаходжаньня на акупаванай тэрыторыі, згадвалася матчына адмова ўступаць у калгас і выпіска з судовай пастановы з-за адмовы ад выкананьня лесанарыхтовак.

У лісьце таксама паведамлялася, што я ня маю права быць савецкім інжынэрам і што кіраўніцтва інстытуту мусіць выключыць мяне з ВНУ і прыслаць у райвыканкам копію адпаведнага распараджэньня. Кіраўнік аддзелу прапанаваў мне напісаць заяву на імя дырэктара інстытута, які меў генэральскае званьне. У заяве павінна была фігураваць фраза аб “восстановлении в рядах студентов вверенного Вам института”.

Прачытаўшы заяву, дырэктар не задаў аніводнага пытаньня, узяў сіні аловак і па дыяганалі напісаў: “восстановить”.

Я прынёс заяву з рэзалюцыяй кіраўніку аддзелу. Ён загадаў супрацоўніцы яго перадрукаваць і наступным ранкам я, як заўсёды, прыйшоў на заняткі.

Асноўнай прычынай таго, што я застаўся студэнтам, былі мае выдатныя адзнакі за першы год навучаньня. Я вельмі ўдзячны гэтым людзям за іх дабрыню і мужнасьць, якія яны выявілі ў жорсткія часы сталінскіх рэпрэсіяў.

Уладзімер Рэмеш, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org