RFE/RL |
Здарылася так, што пасьля заканчэньня мастацка-графічнага аддзяленьня Віцебскага
пэдагагічнага інстытуту ў пачатку 70-х гадоў я па накіраваньні быў пасланы
ў Рагачоў. Перад тым, як ісьці на прыём і атрымаць разьмеркаваньне, я з
нататнікам прагуляўся каля Дняпра. Прайшоў праз мост і стаў маляваць. Я
рабіў замалёўкі алоўкам. Людзі падыходзяць, калі малюеш. Пастаяць за сьпіной,
паглядзяць і пойдуць. На такія эпізоды звычайна не зьвяртаеш увагі – людзі
і людзі, паглядзяць, могуць заўвагу, нават, зрабіць.
Ён падыйшоў, таксама цікваў, але маўчаў. Я якраз закончыў малюнак, склаў альбом, іду, разгаварыліся. Звычайны чалавек, якіх шмат. Можа настаўнік, а можа і не настаўнік – такое ўражаньне, не селянін, каб сустрэў яго на вакзале, нічым бы ён ня вылучыўся з натоўпу. Спачатку адчуваў ня вельмі прыязнасьць да гэтага чалавека – ён пачынае, як быццам хоча цябе праверыць, што ты ведаеш. Пра мастацтва пагутарылі, пра гісторыю крыху, і калі зайшла гутарка пра літаратуру, ён сказаў, што вось так, на Беларусі толькі ёсьць Іван Шамякін і пералічыў той шэраг. Ён мяне раззлаваў крышачку – няма пісьменьнікаў, а я толькі гэтых павінен ведаць. Ён не назваў Быкава – вось што мяне закранула. Я сказаў, што дрэнна ня ведаць чалавека, і што ёсьць яшчэ пісьменьнік Караткевіч. Напрыклад, раман “Каласы пад сярпом тваім”. Калі я прачытаў “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча, я зразумеў, што трэба брацца праз гэтую глыбіню народ паказаць. Калі я бараніў дыплём, у мяне тэма была “Паўстаньне Кастуся Каліноўскага”. Я і ўзяў гэтую тэму менавіта з-за твораў Караткевіча. Таму мне хацелася бараніць. З тых, каго ён прыгадаў, вынікала, што ён
нават Караткевіча ня ведае. Я сказаў: “Брыдка ня ведаць Караткевіча!”
Самае вялікае зьдзіўленьне было, калі літаральна праз дзень – я пахадзіў па Рагачове, пакуль ішоў мой аўтобус – я жахнуўся: адкрыў “Маладосьць” і... яго партрэт, вось гэты дзядзька. А потым ужо даведаўся, што ён прыяжджаў туды, дзе жыў яго дзядзька, што часта вельмі бываў у Рагачове, што там жа напісаў “Паром на бурнай рацэ” і менавіта на тым месцы, дзе я маляваў. Там канкрэтна было апісана тое, што я бачыў на свае вочы. Алег Раманоўскі, Івянец
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |