RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У майго бацькі да гэтага часу існуе своеасаблівы калгасны жаргон. Гэты жаргон ён пераняў яшчэ ў тыя часы, калі ён служыў у Чырвонай Арміі. Праслужыў ён у арміі амаль сем гадоў. Зь ім служылі юнакі з Расеі, і яны расказвалі, што ў іх былі калгасы (а ў нас яшчэ не было). І праца ў калгасе была дарэмная і безвыніковая. І вось тыя хлопцы мелі тэрміны калгасныя. Напрыклад, “чырвоны куток” яны называлі “домам розуму”, сам нарад – “шалман”. Віталіся калгасьнікі паміж сабою так: адзін кажа “Дарма робіш”, а другі адказвае: “Праўду кажаш”.

Ну і мой бацька таксама называў гэтымі тэрмінамі многае. Напрыклад, ён называў працу ў балоце на сене “катаргай”, а балота – “пракляцьцем”.

Я, калі навучыўся пісаць і чытаць, спрабаваў аспрэчыць бацьку – думаў, што ён няправільна кажа. Але бацька толькі ўсьміхаўся і казаў мне, што калі падрасту, дык і сам пераканаюся, што гэта за рэчы.

Калі ў 72-м годзе старэйшы брат Мацьвей пайшоў у армію, то бацька ў якасьці памочніка ўзяў і мяне на сена. Нас калгасны грузавік вёз у гэта самае балота. Па дарозе ў балота машыну кідала ў розныя бакі, і дабраўшыся да месца, куды машына яшчэ магла ехаць, мы пайшлі пехатою. Вось тут я і ўбачыў, што гэта за “пракляцьце” і “катарга”. Сонца пячэ, вакол адны кусты, і гэтыя сьлепакі і авадні пякуць цябе, і вада, часам, па калена. Вось, папрацаваўшы цэлы дзень на гэтай сьпёцы, я вельмі запомніў, што бацька праўду казаў наконт гэтай катаржнай працы.

Раман Пышняк, Давыд-Гарадок
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org