RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Быў 1989 год, яшчэ Савецкі Саюз, я працаваў у аэрапорце Мінск-2, і ў студзені 1989 года мяне паслалі на курсы падвышэньня кваліфікацыі ў Рыгу.

Знаёміўся з новай культурай, для мяне папраўдзе невядомай, знаёміўся з новым горадам. Дадому хацелася, да дзяцей і да жонкі. Было адносна самотна, бо адарваны ад свайго асяродзьдзя і не было куды дзецца. Глядзелі тэлевізар па вечарох – тады была папулярная перадача “Что, где, когда”.

І вось у адной зь перадач было такое пытаньне, якое ўрэшце моцна паўплывала на мяне. Чалавек жыве ў Расеі, ягоная сям’я ці ягоны род налічвае ў Расеі некалькі пакаленьняў (сям’я паволскіх немцаў, калі казаць дакладна), шлюбы ўжо былі зьмешаныя, і вось паўстала пытаньне такое – да якой нацыянальнасьці павінен сябе адносіць малады чалавек, які паходзіць і зь немцаў, і з расейцаў? Дакладны адказ мяне зьдзівіў і ўразіў вельмі моцна. Паводле слоўніка Даля, ён павінен адносіць сябе да тае нацыянальнасьці, на мове якой ён думае.

Я моцна ўразіўся, бо якраз напярэдадні быў перапіс насельніцтва, ну і, адпаведна, я, як беларус, запісаўся беларусам. А тут пачаў вызначаць, дык хто ж я такі. Як жа так? Я іду па Рызе, пачынаю думаць, а потым праз тры-чатыры хвіліны лаўлю сябе на думцы, што я думаю ўжо па-руску.

Пасьля я вярнуўся дахаты, і менавіта атаясаміў сябе беларусам, чаго раней ніколі не было, і я нават не задумваўся пра гэта. Не магу сказаць, што на гэта вельмі паўплывала палітычнае становішча ў краіне. Ну чуў пра дзяды, ведаў пра іх, абураўся як усе, але быў далёкі ад гэтага, бо і ў самім Менску ня жыў, а ў пасёлку авіятараў, таму і не заўважаў.
Падштурхнулі мяне да гэтага і той перапіс, і тое, што тады адбылося ў Рызе, бо гэта адбылося за межамі маёй краіны – Беларусі. Я ня мог ня вызначыць сябе па нацыянальнасьці, будучы сярод большасьці латышоў. Гэта – замежная краіна, нават тады яна была даволі далёкай ад шаблёну савецкага чалавека.

Прыехаўшы дахаты, я выпісаў “Зьвязду”, у якой пазнаёміўся з выдатнымі і вельмі патрэбгымі на той час “100 пытаньнямі і адказамі па гісторыі Беларусі”, пачаў чытаць Караткевіча, пачаў чытаць Быкава, аднавіў слоўнікавы запас, і практычна мне цяпер бяз розьніцы, хто са мной як размаўляе, я цалкам магу нязмушана размаўляць па-беларуску.

Пасьля гэтага я ўжо неаднойчы заўважаў за сабой, што сапраўды я думаю па-беларуску. Мне стала намнога лягчэй і бараніць свае правы, і жыць на гэтай зямлі. Я стаў па-іншаму ставіцца да могілак, на якіх пахаваныя некалькі пакаленьняў маіх дзядоў і бацькоў.

Я лічу што тое, што я размаўляю і думаю па-беларуску, лучыць мяне з маімі продкамі. Гэта нібыта мост паміж мною і тым мінулым, вялікім і прыгожым. Я не магу быць іншым ім адносіцца да сваёй краіны, сваёй дзяржавы. Таму мяне хвалюе ўсё, што робіцца ў гэтай дзяржаве, і таму я не магу нават і кінуць яе.

Уладзімер Плакса
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org