RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Пра тое, што мой тата – палкоўнік НКВД, я даведалася, калі яго хавалі ў 1973 годзе. Да нас перыехалі бацькавы сваякі з Масквы і амаль адразу сталі пытацца, дзе бацькава золата. У бацькі засталіся два імянныя гадзіньнікі і Зорка Героя. Яны не паверылі – як, яго ж полк высяляў татараў і чачэнцаў. Я кінулася глядзець даведнік… Так я даведалася, што ў часе вайны ён камандаваў 290-м палком НКВД, вызваляў Малую зямлю і там жа атрымаў Героя Савецкага Саюза.

Я любіла свайго бацьку нейкай шалёнай любоўю. Калі мне споўнілася 13 год, адзін зь яго сваякоў расказаў мне, што з бацькам ваявала жанчына, лекар, яго ППЖ, якая нарадзіла мяне паміж баямі, і мяне з параненымі байцамі пераправілі на вялікую зямлю ў дзіцячы дом. Хутка маці загінула – я нарадзілася ў 1943 годзе. Пасьля вайны бацька доўга шукаў мяне і, нарэшце, ў 1946 годзе знайшоў мяне недзе пад Кіевам.

Бацька вярнуўся да сваёй даваеннай жонкі, мяне ўзялі зь дзіцячага дому, і маці, якая выхавала мяне, ня ведала, што я дачка свайго бацькі.

Першыя тры гады змыліся з маёй памяці, але я часта бачу ў сьне, як мы, малыя дзеці, сьпім упоперак вялізнай койкі і трымаем адно аднаго за патыліцу. Я і зараз магу заснуць толькі тады, калі трымаю свайго мужа за патыліцу. Яшчэ адзін сон: я кудысьці іду, а калі пазіраю назад, бачу шмат дзіцячых галоваў, я іду з бацькамі, а яны застаюцца.

І яшчэ гэты ж сваяк (ён глядзеў на мяне зусім белымі вачыма – такія я бачыла потым у вужакі) сказаў мне, што жонка бацькі не хацела, каб мяне забіралі з дзіцячага дому. І я ў 13 год моўчкі, ніколі не спытаўшы ні аб чым у сваіх бацькоў, адраклася ад сваёй маці. Я стала замкнёнай, нешта ў мяне ўнутры зламалася. Маці так ніколі і не даведалася, што са мной здарылася. Яна вельмі смуткавала, а я нічога не магла з сабой зрабіць. Потым яна захварэла, і калі мне было 19 год, яна памерла.

Праз два месяцы бацька ажаніўся. Мая маці была Марыя Паўлоўская, і бацькава другая жонка таксама была Марыя Паўлоўская. Яна была на 25 год маладзейшая за бацьку, і бацька прымусіў мяне пайсьці з дому, сказаўшы, што я дарослая і павінна сама ўладкоўваць сваё жыцьцё. Так у 19 год я засталася зусім адна, без даху над галавой.

І тым ня менш, я адчуваю вялікую ўдзячнасьць сваім бацькам за ўсе 16 год, якія яны мяне выхоўвалі, за музычную школу, за вялізную бібліятэку, за іх цярплівасьць да майго нясьцерпнага характару. І я да гэтага часу адчуваю вялікі сум, што я ніколі не запытала, хто мае бацькі і хто я, адкуль я, і ўсё сваё жыцьцё я намагаюся адказаць на адно пытаньне – навошта я?

Ніна Піскарова
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org