RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Вёсачка нашая Пярэвалачня, што на Талачыншчыне, стаіць на бойкай дарозе паміж чыгункай і шашой Масква-Менск. Людзі кажуць, што ў такіх вёсках хто ідзе, той жыхароў і скубе. Нашую вёсачку, відаць, скублі вякоў сем. Яна невыпадкова завецца Пярэвалачня – яна на волаку з Вараг у Грэкі.

Вось у гэтай вёсачцы мы і жылі ў вайну – маці і нас чацьвёра дзяцей. Першыя нас скубалі немцы. Пасьля вайны не лягчэй было, чым у вайну – паборы, нарыхтоўкі – гэта ўсё было бясконца і многа. Выгадавалі мы цялушку, каб астатнім не памерці. А я ўжо быў падлетак-касец, касіў добра звычайную траву. А давялося касіць іржышча на тым загоне, які зжала маці. Ржышча было буйнае, высокае. Я накасіў вазы тры сена для сваёй будучай каровы. А калі ўзяў каня і з маці і сёстрамі паехаў па гэтае сена, то яго не аказалася. Я адразу зьмікіціў, у чым справа, і пабег на калгасны кароўнік. Маім іржышчам было падаслана калгасным каровам. Я пабег да старшыні і сказаў яму ўсё, што я думаў з гэтай прычыны. Старшыня ня доўга думаючы размахнуўся і так спляжыў мяне па твары, што я апрытомеў, калі старшыні ўжо паблізу не было.
І самае было непрыемнае, што ён выбіў мне сківіцу.

Ну я пашавяліў сківіцу, яна шчоўкнула – можна было гаварыць. Дзень плакаў, дзень думаў – як жа ў гэтым жыцьці, што трэба зрабіць, каб сьвет стаў справядлівым? І лёгка прыдумаў. Першае, трэба ўступіць у самую перадавую, самую сьветлую, самую справядлівую Камуністычную партыю бальшавікоў, і тады ўжо можна будзе неяк змагацца з няпраўдаю. І другое, паступіць на юрыдычны факультэт – тады можна стаць пракурорам ці судзьдзём ці адвакатам, і ўжо, канешне, праўда перад табою ўся і раскрыецца, і ты яе будзеш абараняць.

Зь юрыспрудэнцыяй не атрымалася, а з камуністычнымі пераканньнямі… ну можна сказаць таксама не атрымалася, таму што гэта тая рэлігія, якая ня спраўджваецца. З партыі не выходзіў – я ў яе не вярнуўся, калі яна зноў стала функцыянаваць, і ў ніякую іншую не паступаю, каб яшчэ раз не памыліцца.

Алесь Петрашкевіч, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org