RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Шмат сустрэлася на маім жыцьцёвым шляху добрых людзей, якія паўплывалі на маё жыцьцё. У добры бок павялі.

Напрыклад, дзякуючы Мар’яну Пецюкевічу, майму дзядзьку, я стаў прафэсійным паэтам.

Пачалося з таго, што я катаўся зь ледзяной горкі, маці была бедная, не магла купіць мне ані санак, ані канькоў ды лыжаў. Я катаюся на лёдзе на старой гнілой калодзе. Так вось сьпяваў як бы сваю рыфмаваначку.

Ад гэтага і пачалося. Адчуваў я слова беларускае. Калі дзядзька Мар’ян прыязджаў да нас у госьці, я паказаў яму свае вершаваныя радкі. Ён адразу адчуў, што ў мяне ёсьць божая іскра. І сказаў мне гэтую іскру не закапваць у зямлю.

Трэба сказаць, што дзядзька Мар’ян мой вядомы ў вучоным сьвеце як этнограф. Ну, ён яшчэ беларускі дзеяч даваеннага часу – дырэктар Віленскага музэю беларускага. Дырэктар бібліятэкі. Адказны рэдактар “Шляху моладзі”. Знаўца нашай беларускай культуры, змагар за нашае нацыянальнае, за нашае адраджэньне.

Сам ён пісаў і вершы, і артыкулы, абразкі. Дзядзька мне казаў, што трэба сустракацца зь людзьмі, запісваць іх прымаўкі, прыказкі, паданьні. Я перайшоў у Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту. Езьдзячы, зьбіраючы скарбы народныя, ручнікі ды іншае, я запісваў фальклёт. Запісаўшы 150 песень, я здаў іх у фонд нашага музэю.

Успамінаю яшчэ, як я паехаў да дзядзькі Мар’яна ў Торунь пагасьціць. Ён мяне завёз на ўзьбярэжжа Балтыйскага мора, і там мы пісалі палачка па пяску “Жыве Беларусь!”. Прыбой гэта змые, а мы зноў пішам. І так некалькі разоў. Дзядзька гаворыць, што мы павінныя зрабіць так, каб у памяці засталося “Жыве Беларусь!”

Уладзімер Пецюкевіч, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org