RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У шасьцідзесятыя гады пасьля заканчэньня інстытуту мяне ськіравалі на работу ў Данбас. На вугальную шахту. У апошнія гады кіраваньня Хрушчова я працавала на пасадзе намесьніка галоўнага інжынэра плянаваньня.

Трэба адзначыць, што Хрушчова вельмі не любілі ў Данбасе. Ня толькі рабочыя. Рабочым проста пры ім зьніжалі стаўкі аплаты працы. Але не любіла таксама й інтэлігенцыя. Бо паўсюль былі разьмешчаныя ягоныя прамовы, партрэты. У кожным кабінэце павінен быў вісець ягоны партрэт.

Аднойчы ў кабінэт галоўнага бухгальтара прывезьлі новы сэйф. А кабінэт быў побач з маім. Калі гэты сэйф ставілі, ён так грукнуў аб сьцяну, што ў маім кабінэце зваліўся партрэт Хрушчова. А вісеў ён за маёй сьпіной. Добра, што не папаў па галаве.

Партрэт быў увесь у пылу. Яго нават брыдка было ўзяць у рукі. Тады, каб яго зноўку ня вешаць, я ўзяла партрэт за вяроўку і выцягнула ў калідор. І там прапанавала гэты партрэт бухгальтару за два хуткасшывальнікі.

Не пасьпеў бухгальтар адказаць на маю прапанову, як мы заўважылі парторга шахты. І ён пачуў мае словы. А тады была мода прызначаць парторгаў з рабочых. Як вядома, рабочыя ня вельмі шанавалі ітээраўцаў.

А наш парторг увогуле не любіў людзей адукаваных. Тут яшчэ яму выпала праявіць сваю пралетарскую пільнасьць. Ён мне важна паведамляе: “У чацьвер, на паседжаньні парткаму, будзе пераглядацца вашая асабістая справа. Як Вы мянялі першага сакратара КПСС на два хуткасшывальнікі. Мяркую, што Вам больш ня прыйдзецца працаваць на Вашай пасадзе. З камсамолу мы Вас таксама выключым”.

Гэта была насамрэч сур’ёзная пагроза. Бо ў такім выпадку я б не змагла ўладкавацца на працы па маёй спэцыяльнасьці. Наогул не змагла б уладкавацца. Я была проста ў адчаі. І з жахам чакала чацьвяргу.

А праз два дні пасьля гэтага выпадку прагучала па радыё інфармацыя пра адстаўку Хрушчова. Такім чынам не адбыўся разгляд маёй пэрсанальнай справы. Усе весяліліся, жартавалі, што я разьвянчала культ асобы Хрушчова раней за Палітбюро.

Ларыса Пятрова
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org