RFE/RL |
Я раскажу адзін выпадак нядаўні, і зьвязаны ён з Курапатамі. Калі сядзіш
у раскопе, у яме, напоўненай шкілетамі-трупамі, і над табой шумяць сосны
ў цішы, дык паступова тыя рэчы, тыя прадметы, якія цябе акаляюць, пранікаюць
у тваю істоту. Гэта вядома кожнаму архэолягу, бо ў акружэньні гэтых рэчаў
раптам пачынаеш адчуваць той час. Гэта вельмі дзіўнае амбівалентнае існаваньне.
Калі сьпілоўваеш зруб ХІІ стагодзьдзя ў раскопе на Нямізе – пахне смалой. Гэта пах, якому 800 гадоў. Дык вось – пранікае ў істоту сьмерць. Раптам пачынаеш адчуваць, што гэтыя забітыя людзі, нечым табе знаёмыя, што ты побач зь імі. І вось прыблізна праз тыдзень пасьля такіх псыхалягічна цяжкіх раскопак, я ехаў раніцай на працу ў аўтобусе, сьвяціла сонца, перада мной стаялі дзяўчына і хлопец, і ў яе былі доўгія валасы, як лён, і якраз такія валасы я ўчора раскопваў у магіле, абсалютна такія самыя. І раптам я ўбачыў, што я бачу іхныя шкілеты. Хлапец нешта фліртаваў, прыціскаўся да гэтай дзяўчыны, а я бачу іхныя целы і бачу шкілеты. І ўбачыў, што поўны аўтобус шкілетаў. І я асабліва не зьдзівіўся – мне гэтае пачуцьцё было вядомае з літаратуры – яперад гэтым чытаў Дзініціро Танітакі, японскага пісьменьніка. Але тое, што гэта здарылася, зрабіла вельмі вялікае ўражаньне, таму што ў падсьвядомасьці ўзьнікла думка: вось што застанецца ад усіх – шкілеты. Што значыць гэтае прыцісканьне, гэтае фліртаваньне маладых людзей, якія таксама некалі памруць. Вось гэтае амбівалентнае бачаньне ў мяне доўжылася каля месяца – я ўжо скончыў і раскопкі, а яно прадаўжалася. Потым гэта прайшло. Праз гэтую інфармацыю сьмерці вельмі выразна, да болю ў душы, чалавек пачынае адчуваць вечнасьць свайго існаваньня. Зянон Пазьняк
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |