RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


96-ты год буду доўга згадваць з болем у сэрцы – таго году пасьля ганебнага рэфэрэндуму былі забароненыя нашыя самыя прыгожыя ў сьвеце сьцяг і герб. Тады, у сьнежні, прыйшоў да мяне мой сябар Уладзя Губскі і кажа: “Да нас у Полацак едзе Данчык – будзе даваць канцэрт у гарадзкім палацы культуры”.

Неўзабаве Ўладзя прынес квіткі на данчыкавы канцэрт і прапанаваў заявіцца ў залю зь бел-чырвона-белым сьцягам. Я зьняў сьцяг са сьцяны – у нас у Полацку ён ёсьць у кожнага шчырага беларуса – і мы пайшлі на канцэрт.

У фае палаца культуры сабралася процьма народу, а ў залі тым часам ужо расстаўлялі прыстаўныя крэслы. Тут жа даведаліся, што паглядзець на Данчыка прыехалі нават зь іншых раёнаў. Мы пайшлі да сваіх крэслаў, і тут я ўбачыў, што на маім крэсьле сядзіць наш мясцовы кампазытар Мікола Пятрэнка – аўтар славутых “Ручнікоў”. Заўважу, што гэтая песьня працяглы час лічылася народнай. Ідзеш, бывала, па вуліцы, а з расчыненых вокнаў ліецца: “У суботу Янка ехаў ля ракі…”

Карацей, павітаўся я і сеў поруч з кампазытарам, падумаўшы, што той пераблытаў месцы. Неўзабаве на сцэну выйшаў Данчык, і пачаўся канцэрт. І тут я міжволі згадаў, як да нас прыяжджаў гурт “Васілёк” з Амэрыкі. Як файна танчылі і сьпявалі маладыя хлопцы ды дзяўчыты! Які натхнёны настрой панаваў у залі, уквечаным бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гэта ніколі не забудзецца.

Данчык прасьпяваў свае песьні, пачаў разьвітвацца з слухачамі, але з залі крыкнулі, каб ён прасьпяваў гімн “Магутны Божа”. Але Данчык угледзеў у першым радзе Пятрэнку і выгукнуў: “Засьпяваю вам “Ручнікі”. І прасьпяваў – шчыра і пранікнёна.

А прыкладна празь месяц я даведаўся, што Мікола Пятрэнка пакінуў гэты сьвет. Пачуўшы гэтую горкую навіну, я падумаў: вось бы і мне пры канцы жыцьця хтосьці б прасьпяваў нашую беларускую песьню і памахаў на разьвітаньне бел-чырвона-белым сьцягам.

Васіль Падасетнікаў, Полацак
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org