RFE/RL |
Успамінаецца мне знаёмства з мужам маім Франкам.
Я вучылася на дактаранцкай навуцы, а ён ужо выкладаў у гэтым унівэрсытэце. Я помню, што ён пазнаёміўся са мною й ветліва запрасіў пайсьці зь ім у кіно, рэстаран ці то нешта такое і запытаўся, ці змагу я пайсьці ў сыботу або нядзелю. А ў сыботу й нядзелю нашая беларуская арганізацыя БАЗА плянавала рабіць такую палітычную дэманстрацыю супроць, здаецца, Хрушчова або некага іншага “вялікага” савецкага дзеяча, які прыяжджаў тутака. Ну і нашая арганізацыя зрабіла розныя велічэзныя плякаты, дзе пісалася “Воля Беларусі!”, “Расея – далоў зь Беларусі!” і гэтак далей. І я хацела ісьці туды браць удзел. Дык я і сказала тады свайму будучаму мужу: “Выбачайце, але я вымушаная ісьці на дэманстрацыю”. Ён паглядзеў на мяне і кажа: “Ну, то і я далучуся”. Я ж, вядома, кажу: “Калі ласка. Мы сустракаемся на 5-й авеню, на 56-й вуліцы. Там я і буду стаяць”. У сыботу мы там стаім усе зь вялікімі плякатамі і падыходзіць Франк.
І тады, здаецца, спадар Тулейка даў яму велічэзны-велічэзны плякат на якім
напісана “Расея – далоў зь Беларусі!” і кажа: “Калі ласка, нясі!”
І тады Франк быў прадстаўлены беларускай арганізацыі БАЗА, і ён пазнаў, якая наша цяжкая работа. Бо ў нас у каледжах ёсьць розныя такія дэманстрацыі новых інструмэнтаў, новай тэхнікі. І гэта ў нас называецца “дэманстрацыя”. Дык ён думаў, што я нешта ў кірунку хіміі іду глядзець... Ала Орса-Рамана, Нью-Ёрк
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |