RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Нарадзіўшыся ў Менску, я лічу яго сваёй радзімай. Так склалося, што гісторыя гэтага гораду вельмі падобная на гісторыю ўсёй краіны. Нават з вуснаў іншаземцаў ня раз даводзілася чуць, што наш горад пабудаваны наноў. Але ж разам з гэтым у нашага гораду ёсьць адна гістарычная асаблівасьць.

Справа ў тым, што шмат якія мясьціны ў горадзе знаходзяцца на касьцях людзей. У савецкі час, калі горад аднаўляўся пасьля Другой сусьветнай вайны, новая ўлада вельмі жорстка распраўлялася з могілкамі тых людзей, хто жыў да савецкага часу. І калі абрынулася імпэрыя пад назвай Савецкі Саюз шмат гаварылі пра пакаяньне. Але раптам гэтыя галасы зьніклі. І калі новыя людзі майго пакаленьня і ўзросту, хто зьбіраецца жыць у гэтым горадзе, зьбіраецца жыць шчасьліва, – для іх тэма пакаяньня вельмі важная. Просьба прабачэньня нават і ў тых, на чыіх костках зараз стаяць будынкі, напрыклад, тэатар каля Старавіленскага тракту ці былы Старажоўскі рынак, дзе была спроба пабудаваць жылы дом. Такіх мясьцінаў у Менску шмат. Тая ж Залатая Горка, дзе побач рэстаран і выстава.

Ня трэба зараз руйнаваць тое, што ўжо пабудавана, каб ня быць падобнымі да тых, хто некалі на касьцях нашых продкаў пабудаваў будынкі ці магістралі. Але, напэўна, трэба зрабіць абэліск ці неяк інакш нагадаць тым, хто будзе далей жыць, гадаваць дзяцей у гэтым горадзе, аб яго гісторыі, аб тых, хто жыў і паклаў жыцьці дзеля гэтага гораду.

Напрыклад, Старажоўка. Мала хто ведае, што на гэтым месцы была брацкая магіла ваяроў, што загінулі падчас першай Сусьветнай вайны. У тыя часы Менск знаходзіўся на скрыжаваньні чыгунак, якія везьлі на фронт новых байцоў, а адтуль прывозілі нябожчыкаў і параненых. Параненыя знаходзіліся ў шпіталі, які захаваўся і дагэтуль, а вось весткі пра ваенныя могілкі недзе згубіліся, напэўна, падчас другой Сусьветнай вайны. Больш старыя жыхары гэтага раёну памятаюць, як пры будаўнічых працах знаходзілі косьці тых самых памерлых у шпіталях ці пагінулых на фронце людзей.

Лютэранскія могілкі зараз пакрываюць паркі, што знаходзяцца зараз у раёне вуліцаў Лібкнехта і Люксэмбург. Савецкая ўлада не пашкадавала таксама габрэйскія і татарскія могілкі, якія знаходзіліся побач зь месцам, што раней звалі татарскі канец. Зараз на гэтым месцы, дзе была мячэць, знаходзіцца гатэль Юбілейны.

Юрась Навуменка, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org