RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Пасьля заканчэньня вайны група – пяць хлапцоў і дзьве дзяўчыны – ішлі на захад з Судэтаў. У вадным гарадку нас затрымалі бальшавікі і пазналі, што мы ня немцы, хаця мы гаварылі па-нямецку. Адзін з нашых кажа:

– Таварышы, мы ня рускія, а беларусы.

Бальшавікі забралі нас – асобна хлопцаў, і нават мяне ад маёй сяброўкі аддзялілі.

Мне папаў дзіўны афіцэр, ругаўся страшна, называў “изменницей родины”, а я яму адказвала:

– Сваёй Бацькаўшчыны я ніколі не зьмяніла, а бальшавікоў ненавідзела і ненавіджу.

Тады ён мяне падставіў да сьценкі і выстраліў навокал маёй галавы сем разоў. Пасьля палажыў пісталет і пытае:

– Куда, изменница родины, пойдёшь?

А я кажу:

– На Бацькаўшчыну.

Ён:

– Ты своей родины никогда не увидишь, а к белым медведям не поедешь, а пойдёшь пешком. Сейчас мне нету время с тобой распоряжаться. Забирай свои вещи, но ты всё равно из наших рук не уйдёшь, подберут тебя наши ребята. Ступай отсюда, чтобы мои глаза тебя не видели.

Я выйшла з гэтай хаты, і адразу да мяне падыйшла старэйшая жанчына, немка. Яна кажа: “Хадзі са мною”. Яна мяне адзела і ўладкавала на два тыдні мыць пасуду ў нейкім рэстаране. Пасьля двух тыдняў яна мяне забрала і кажа:

– Я пастараюся табе памагчы. Будзеш граць маю дачку, але мусіш быць глухою і як бы дурнаватаю.

Гэтак, каб мяне не пазналі ў цягніку ня толькі бальшавікі, але й немцы. Яна мне пазваляла мыць толькі рукі, а твар падмазвала сажаю, і я мела сьмешную шырокую сукенку, туфлі як бы лапці – задзертыя наскі.

Каля граніцы савецка-амэрыканскай мы ішлі пяшком каля дзесяці кілямэтраў, бо я ня мела ніякіх дакумэнтаў. У нейкім гарадку працякала рэчка, якая дзяліла горад і зоны – савецкую і амэрыканскую. І немка заплаціла немцу грошы, каторы нас лодкаю перавез на амэрыканскую зону.

Юзэфа Найдзюк
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org