RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гісторыю сваёй сям’і я даведалася толькі пасьля сьмерці маёй мамы ў 75-м годзе. Даведалася я выпадкова.

Па тэлебачаньні ішоў фільм, а ў ім паказвалі, як вывозілі кулакоў. Гэта быў воз, па сем футраў на сябе нацягнулі кулакі, зьвязаныя вялікія торбы і, нават, самавар. Маміна сястра малодшая (яна працавала даяркай), Ганна Паўлаўна Кавалеўская, падбегла, вылаялася, выключыла тэлевізар і сказала: “Як татку з Насьцяй вывозілі, дык наогул не далі ўзяць нічога з сабой, нават, вопраткі цёплай. А зімой вывозілі. Толькі маленькі хатулёк зь ежай”.

Мая маці, Анастасія Паўлаўна –17-га года нараджэньня. Яе выключылі зь лесатэхнічнага тэхнікума за тое, што яна была дачкой кулака. Маме было тады, мабыць, год пятнаццаць. Мама прыехала дахаты і ўбачыла наступнае. Былі энкавэдэшнікі, і міліцыянты забіралі нашага дзядулю, Паўла Дзьмітравіча Кавалеўскага. Дзед быў у кацавейцы і, нават, кажуха на ім не было.

І потым мне расказала маміна сястра, што іх завезьлі ў Чалябінск. Мама была ўжо ў абмарожаным стане. Іх выгрузілі з эшалёна, быў загад энкавэдыстаў (гэта было ўначы) рахункаводам і бухгальтарам зрабіць крок наперад. І дзед, падтрымліваючы гэтую маленькую абмарожаную дзяўчынку – маю маму, зрабіў крок наперад, і, такім чынам, яго забралі працаваць на крухмальны завод. І вось дзякуючы таму, што ён адразу атрымаў працу, ён здолеў вылечыць маму ад абмарожваньня, уратаваць ад голаду.

Пасьля вайны дзядуля разам з мамай вярнуўся дахаты. Я толькі памятаю на канцы ў вёсцы Канстантынаўка была такая сям’я Зотавых. Там таксама было чатыры дачкі, як у майго дзеда. Яны вельмі бедна жылі, але выконвалі загад і раскулачвалі, і ўсё дабро, якое яны забіралі ў нас, – яны вельмі шмат чаго пакідалі сабе.

Я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, і мяне ніколі не пускалі ў той канец вёскі гуляць. Аднойчы я дабегла і была ў той хаце. Там я ўбачыла тое што я ніколі ня бачыла. Па-першае, быў вялікі стол колеру перасьпелай вішні з такімі разнымі ножкамі, буфет з інкруставанымі тарцамі, потым быў сундук таго ж колеру, і былі крэслы з высокімі сьпінкамі – разнымі ды з інкрустацыяй.

Мяне вельмі ўразіла такая мэбля. І калі я прыбегла дахаты, і мяне бабуля ўжо чакала з дубцом і пыталася, куды я лётала, то я ёй расказала, што была ў Ізоціхі і вось такое бачыла. Дык мая бабуля заплакала і пайшла.

І вось толькі зь цягам часу, пражыўшы жыцьцё, я зразумела, што я бабулі апісала яе вясельны падарунак. Калі мой дзед, георгіеўскі кавалер Павал Сідаравіч, жаніўся на маёй бабулі, шаснаццацігадовай Варвары Трафімаўне Раманавай, дык яго браты, Максім, Нікіта і Ляксей, разам зь дзедам зрабілі вясельны падарунак – вось тую мэблю, бо яны былі вельмі-вельмі таленавітыя майстры.

Пра Зотавых. Іх ужо ў трэцім пакаленьні няма. Іхныя дзеці, унукі загінулі. Хто ў турме, хто з трактарам зваліўся ў рэчку, хто так памёр. Вось гэтыя людзі зараз, у трэцім пакаленьні, загінулі. Няма іх. Яны нас нішчылі, а мы ўсе ёсьць, дзякуй Богу. У нас і ўнукі – усе прыстойныя людзі, а іх род скончыўся. Дабро, якое яны нарабавалі, не пайшло на карысьць.

Іраіда Міско
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org