RFE/RL |
Здарылася гэтая гісторыя ў 80-х гадах пад час маёй камандыроўкі ў Сынгапур.
За савецкім часам камандыровачным савецкім людзям грошай выдавалі даволі мала, яны ставіліся да гэтай сумы вельмі ашчадна ды імкнуліся да апошняй капеечкі патраціць там на падарункі сям’і, дзецям, сябрам. Ну, адпаведна, і я так дзейнічала. Быў апошні дзень маёй камандыроўкі, усе справы мы ўжо закончылі, падаруначкі ўжо купілі, але мы з сяброўкай памяталі, што кожны дзень мы праяжджалі паўз вельмі незвычайны індуісцкі храм, які ўвесь быў у рознакаляровых скульптурах. Мы езьдзілі паўз яго кожны дзень і плянавалі, што зойдзем у яго і паглядзім, як ён выглядае знутры. Такі храм мы бачылі ўпершыню. І вось да адлёту самалёта заставалася больш чым паўдня, рабіць не было чаго – усё перароблена, трэба толькі чакаць самалёта, і мы зь ёй пайшлі ў той храм. Прыйшлі туды, бачым, на прыступках гэтага храму стаіць цэлы шэраг абутку наведвальнікаў. Мы таксама зьнялі чаравікі, памятаючы, што ў чужы кляштар ня ходзяць са сваім статутам. Пайшлі, усё агледзелі, паглядзелі хто дзе сядзіць, як моліцца, якія скульптуркі… Доўга не затрымаліся там, выходзім – а чаравікаў нашых няма. Я ніколі ў жыцьці не адчувала сябе так жахліва, бо пэрпэктыва дабірацца да аэрапорта басанож, а потым яшчэ так прыехаць у халодную восеньскую Маскву – была не зь лепшых. Мы знайшлі служыцельку храма, спыталі ў яе што здарылася, напэўна, скралі наш абутак. Яна кажа, не, ня скралі. Завяла нас за вугал, а там штосьці накшталт камэры захоўваньня. Гэта значыць, нашыя чаравікі проста падабралі, каб яны нікуды ня зьніклі, а, можа, зарабіць проста хацелі сынгапурцы. І жанчына нам працягвае чаравікі і кажа, што за іх трэба заплаціць столькі і столькі, за захоўваньне. Тут яшчэ нас апанаваў жах, бо ў кашальках у маёй сяброўкі і ў мяне, мы лічылі, не заставалася ані шэляга. Я стала ліхаманкава цяміць, што б прыдумаць: можа прапанаваць ім свой гадзіньнік ці яшчэ нешта…Трэба ж выкупіць назад свае чарвікі. Але тут знайшлі мы нашыя савецкія сувэніры, сяброўка яшчэ знайшла некалькі капеечак. Так што мы хоць з цяжкасьцю, але абутак выкупілі. Але вось гэты жах – застацца за мяжой дзесьці бяз грошай, такі савецкі жах, застаўся ў мяне на ўсё жыцьцё. Таісія Мішчанка
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |