RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


З Уладзімерам Караткевічам было ў мяне шмат. Бываў я ў іх, і яны са сваёй жонкай Валяй у нас. Пазаёміліся ў інстытуце: першая сустрэча была, калі мы былі студэнтамі, і ён прынес падпісаць сваю толькі што выдадзеную кніжку “Каласы пад сярпом тваім”.

Пасьля былі сустрэчы з вучнямі ў нашай школе, дзе я працаваў арганізатарам – гэта Дуброўская школа на Маладзечаншчыне.

Запомнілася, бадай, найбольш апошняя сустрэча. Быў ліпень 1984 году. Дакладней, 6 ліпеня. Я зьявіўся ў Менск па патрэбе: у камісыйны здаць клярнэт, які ў мяне ляжаў, замінаў бяз толку. Камісыйны быў зачынены, і я вырашыў: амаль побач жыве Караткевіч – пакіну гэты інструмэнт у яго да часу, а пасьля некалі заеду і здам у камісыйны.

На званок пачуліся цяжкаватыя крокі. Адкрыў дзьверы гаспадар. Глянуў я на Ўладзімера Сямёнавіча – ён ужо быў настолькі стомлены, маршчынаў стала больш і пад вачыма, і каля вуснаў – наогул зьнямоглы… Быў ён тады ў кватэры ўжо адзін: памерла маці, потым за ёй Валяньціна…

Ён тут жа прапанаваў пайсьці на кухню, але папярэдзіў, што сам ня можа ўзяць ані чарку, таму што ўрач зараз прыйдзе, якая яго лячыла, і моцна папярэдзіла, каб не дакранаўся да сьпіртнога. Я таксама адмовіўся адзін браць. Неўзабаве прыйшла ўрач, праверыла яго, зьмерыла крывяны ціск, зрабіла ўкол.

Калі яна пайшла, ён пачаў распытваць пра маё жыцьцё. Зразумеўшы, зь якой нагоды я зьявіўся ў Менск, ён стаў прапаноўваць мне грошы, даводзячы, што ён цяпер стаў багата жыць. Купіў, кажа, во новую мэблю – сапраўды, у яго была ўжо абстаўленая добра кватэра. Атрымаў, кажа, грошы за пераводы і за кінафільм.

Я пачаў адмаўляцца ад яго грошай. Тажы ён кажа: “Давай, я куплю ў цябе клярнэт.” Я кажу: “Нашто ён вам? Вы граць ня будзеце на ім, ня варта ў музыкантаў адбіраць хлеб.” Ён зноў настойваў, каб я ўзяў грошы, але я ня ўзяў.

Пасьля, праводзячы мяне, ён вырашыў падпісаць мне сваю кніжку: у цябе, кажа, няма напэўна яшчэ “Чорны замак Альшанскі” – яна толькі нядаўна выйшла. Я кажу: “Не.” “Ну дык дастань там з шафы – я падпішу.” І вось падпісаў на кніжцы 6 ліпеня – гэта, можа, быў ягоны апошні аўтограф на ягонай апошняй прыжыцьцёвай кнізе.

Вячаслаў Міхасёнак
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org