RFE/RL |
Не забудуцца дні, калі мы праходзілі летнюю практыку ў мястэчку Бярэзіна.
Гэта былі 70-я гады, у цэнтры мястэчка – пляцоўка, дзе вяскоўцы прадаюць
хто гародніну, хто яйкі ці шматок сала. І быў такі яркі сонечны дзень,
і мне хацелася на палатне намаляваць усё гэта.
У асноўным на гэтым імправізаваным кірмашы былі жанчыны. Раставіў свой рыштунак, мальбэрт, углядаюся, раблю накіды. Не пасьпеў зрабіць некалькіх штрыхоў, гляджу – бабулькі паміж сабой перашэптваюцца і памалу свае клуначкі зьбіраюць. Нікога ня стала, зьніклі ўсе. Я пасьля падумаў, з чаго б гэта? І пасьля да мяне дайшло: як з чаго? – бабулькі гэтыя падумалі: хто я го ведае, што гэта за чалавек стаіць, ці то алоўкам піша, запісвае нас, каб бяды не было ўцякаць трэба. А можа ён які фінінспэктар, аштрафуюць бадай што. У тым самым месцы – вёска, прыгожая такая, матыў цікавы, прысады… У канцы гародаў уладкаваўся я, раставіў мальбэрт, малюю хаціну, панадворак. Гляджу, ідзе да мяне ціхай хадой гаспадар зь кіёчкам, стары такі, стаў побач і глядзіць падазрона, што я раблю. Пытаецца: – Ізноў соткі абразаць будзеце? А я яму: – Ды не, мне ж гэта цікава, я малюю хаціну вашую. То-другое, даказваю. – Э-э, – кажа стары, – чалавеча-чалавеча, мінулы раз таксама такі во раставіў у канцы майго гарода свае прыборы, а потым прыехала начальства і – дзесяць сотак абрэзалі… І яшчэ зьвязанае са студэнцкімі гадамі. Па праграме трэба было партрэт на паветры намаляваць фарбамі. Ідзем па вёсцы, шукаем натуру. Глядзім, у гародзе корпаецца бабуля, цыбулю поле там ці яшчэ што. Мы да яе, так і так, мы студэнты-мастакі, хацелі б партрэт ваш намаляваць. А яна нам: – А мае ж вы дзеткі, я ж то ня ступраць, ды грошай у мяне зусім няма, бо пэнсію не атрымліваю, во толькі жыву, што на гародзе вырашчу. А мы да яе: – Ды не, бабуля, наадварот мы вам плаціць будзем, за тое, што будзеце сядзець. – Як гэта, мне плаціць? Вы будзеце працаваць, старацца, а мне грошы? Не, ня буду тады… І зусім нядаўняе. У гэтым годзе паехаў я на сваю вёску. Фактычна, вёскі ўжо няма – адна хатка засталася. Малюю старую бярозу, засьнежанае поле. Мароз такі! Малюю дзень, малюю другі. Прыходзіць да мяне знаёмы чалавек, зямляк мой, і кажа: – Гляджу я на цябе, Аляксейка, ну так шкада цябе, як ты тут мерзьнеш, бярозку малюеш. Я яе заўтра сьпілую, каб ты ня мучыўся… Вось такія эпізоды, зьвязаныя з маёй працай. Аляксей Марачкін
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |