RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Перабіраючы ў памяці падзеі свайго жыцьця я прыйшоў да высновы, што бадай самым памятным і самым трагічным днём, дакладней ноччу, была для мяне ноч, праведзеная ў жыце, якое тады ўжо пачынала каласаваць; праведзеная ў чэрвені месяцы 1948 года, калі ў нашую вёсачку Расолы з рэйцэнтра, з Астраўца, прыйшла праз сяброў нашай сям’і патаемная вестка, што ў гэтую ноч нас могуць вывезьці як раскулачаных кудысьці далёка на ўсход. Бацька сказаў: “Давайце пераначуем гэтую ноч у жыце. А можа, калі хата акажацца зачыненай, і пранясе”.

Тады я ўпершыню задумаўся – за што? Таму што жылі мы даволі бедна. Мелі ўсяго два гектара зямлі, потым бацькі яшчэ дакупілі два гектары, і ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі. Праўда былі дзьве вонкавыя падставы. Першая – бацька пад час першай Сусьветнай вайны быў у нямецкім палоне, у Баварыі, паглядзеў у манастыры, як людзі жывуць і гаспадараць, і гаспадарыў ня так, як аднавяскоўцы, а крышку па-новаму. І другая – ён быў вымушаны пры даваеннай польскай уладзе накрыць сваю хату бляхай, бо яна стаяла занадта блізка да суседняй, і сусед настояў на тым, што калі хата ня будзе пакрытая бляхай, ён праз суд даможацца яе зьнесьці. Значыць для раскулачваньня былі падставы толькі вонкавыя.

У тую ноч я зразумеў, што ўлада, да якой пэўны час пасьля нямецкай акупацыі бацька адносіўся станоўча, таму што гэта нібыта была свая ўлада, што гэтая ўлада адначасова і свая – я яе ўспрыняў як сваю, бо хадзіў у школу, вучыўся, і што яна, адначасова, быццам, і не свая.

І вось гэтае раздваеньне ў стаўленьні да ўладаў, якое я імкнуўся дзесьці загнаць унутар як беспадстаўнае, імкнуўся пераканаць сябе, што бываюць выключэньні з кожнага правіла, гэтае раздваеньне, бадай, жыло ў ва мне на працягу далейшых заняткаў ва ўнівэрсытэце, і пад час працы ў рэдакцыі, і навуковай працы ў Акадэміі Навук. І толькі дзесьці сяброўства з Уладзімерам Караткевічам потым дало мне магчымасьць зразумець у чым справа. Справа ў тым, што ўлады – яны бываюць або дэмакратычныя, або недэмакратычныя. Вядома, бываюць і розныя ступені пераходу.

Але ўпершыню я над гэтым задумаўся ў тую ноч, праведзеную ў жыце, якое ўжо пачынала каласаваць.

Адам Мальдзіс
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org