RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Мне вельмі хацелася, каб ў сёньняшняй перадачы браў удзел мой бацька, а не я. У яго была мара – дажыць да 2000 году. На вялікі жаль, сёньня гэта ўжо немагчыма.

Лёс майго бацькі – гэта тыповы лёс беларуса з Заходняй Беларусі, якому давялося прайсьці праз польскую акупацыю, фашысцкую акупацыю і расейска-бальшавіцкую, якому давялося прайсьці праз страшэнны сталінскі Гулаг, як і многім беларусам і з Заходняй, і з Усходняй Беларусі.

Я ня ведаю, што ўспамінаў бы ён сёньня, але ўсё такі мой успамін будзе зьвязаны менавіта зь яго ўспамінам, з адзіным, пры якім, як я назірала, ён плакаў. Адбылося гэта, калі аднойчы ён паглядзеў на маю падрослую ўжо белавалосую дачку і вельмі горка заплакаў. А далей растлумачыў прычыну. Успаміны нахлынулі на яго проста невыносна.

У пачатку 50-х гадоў, калі на лесапавале на Ўрале, яго, як і некаторых іншых зьняволеных кінулі ў жаночы лягер – зімой лютай, у завіруху, у вялікія маразы – каб забясьпечыць працай новых вязьняў, якія прыбывалі ў гэты лягер. Новымі вязьнямі былі, як ён сказаў, вось такія белавалосыя дзяўчаткі з Прыбалтыкі, цэлы эшалён, маленькія і прыгожыя, дрэнна апранутыя, непадрыхтаваныя, узросту ад 16-ці і, самае большае, да 25-ці гадоў. Іх кінулі адразу цягаць гэтыя цяжкія, вялікія бярвеньні… Праз дзень іх засталося менш, праз два дні – яшчэ менш, праз тыдзень – адзінкі, праз два тыдні – ужо не было каму выходзіць на працу, усе яны палеглі ў той страшэннай зіме, у той страшэннай сьцюжы.

Завяршаючы гэтае сваё апавяданьне, бацька сказаў (а гэта якраз быў час, калі ішлі спрэчкі пра ступень дэмакратычнасьці працэсаў у Прыбалтыцы): “Як бы сябе не паводзілі прыбалтыйскія краіны зараз, што б яны не зрабілі – гэта ўсё будзе супэрдэмакратычна ў параўнаньні з тым, што вынесьлі тыя народы, як і наш.

Бацька, на жаль, не дажыў да 2000 году. Ён памёр, адляцеў сьветлай птушкай за два месяцы да гібелі ягонага сына. І, магчыма, проста Бог зьлітаваўся над гэтым чалавекам, таму што гэтае выпрабаваньне было б для яго не пад сілу. Яго сын, вядомы ўжо на той час журналіст Анатоль Майсеня, загінуў, сутыкнуўшыся, безумоўна не з машынай, а ўсё з той жа таталітарнай савецкай сыстэмай…

Людміла Майсеня
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org