RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гісторыі ў мяне дзьве – адна зь іх матчына, другая – бацькава. І здаецца мне, што яны гавораць пра нешта адно.

Матчына гісторыя – зь ейнага дзяцінства. Жыла яна тады на Палесьсі, на хутары сярод балотаў і лесу. Было гэта напрыканцы вайны, і ў лясох сядзелі партызаны. І вось недзе напачатку вясны, яшчэ сьнег ляжаў, апоўдні была яна з братам у лесе каля хутару. Маці мая (тады 10 гадоў ёй было) гойдалася на галіне на паляне і раптам бачыць – проста перад ёй ідзе праз паляну маладая кабета, басанож па сьнезе, у цёмна ружовай сукні, з голымі рукамі і клункам праз плячо. А росту яна была незвычайнага – нашмат вышэй чалавека, – сказала мамка. Прайшла паўз мамку, азірнулася і зьнікла за елкамі. Маці спалохалася, стала брата клікаць, а той выходзіць акурат з-за тых елак і кажа, што не было там ніякай кабеты, нікога ён ня бачыў.

Пасьмяяліся тады з мамкі ўсе ейныя сямейнікі – прымроілася, маўляў, нешта. І толькі праз гады мамчына сьвякроўка, мая бабуля, патлумачыла ёй, што была гэта Палудніца, якая зьяўляецца людзям апоўдні басанож і з клункам і заўсёды нейкія перамены прыносіць. Мамка ж мая пасьля вырасла, паехала ў горад, пайшла працаваць на фабрыку і больш Палудніцаў ня бачыла.

Другая гісторыя – хоць і мая ўласная, але належыць да сьвету бацькі. У мястэчку Ляхавічы, дзе ён нарадзіўся, і куды я малая прыяжджала да дзеда з бабай на лета, іхная хата была наўскрайку, дзе цягнулася вялікае калгаснае поле. Сярод гэтага поля стаяў рабінавы гаёк, які ўсе местачкоўцы называлі каплічкай. Гэта было першае беларускае слова ў маёй сьвядомасьці, і зразумела я яго як “гай”. “Каплічка” для мяне стала значыць “гай” або “лясок” сярод поля. Толькі пасьля даведалася, што стаяла там калісьці сапраўдная капліца, пакуль яе ўлады ня зьнесьлі.

Не зачапілі ўлады камень-сьледавік, што ляжаў пры той капліцы, і людзі надалаей хадзілі туды маліцца, бо казалі, што на тым камяні – сьлед Хрыстовае нагі. А мы, дзеці, малыя дзяўчаты, хадзілі туды праз поле і зьбіралі са страхам затоеным чырвоныя гронкі ды вязалі сабе зь іх пацеркі. А тая ж бабуля мая, што пра Палудніцу ведала, казала, што нельга гэтыя гронкі зьбіраць, бо чырвоныя ягады – гэта кроплі крыві Хрыстовай.

Праз колькі гадоў я дарослая вярнулася ў Ляхавічы і пабачыла поле – сьсеклі Каплічку, а дзеці ўжо хіба іншых цікавостак шукаюць. А што з каменем сталася – ніхто ня ведае.

Вось якія гісторыі. А чаму распавяла іх разам? Бо сьведчаць яны для мяне пра іншую, таемную прастору, якую яшчэ бацькі і дзяды мае бачылі і пазнавалі як рэальнасьць. І я цяпер думаю, гледзячы на сваю дачушку, якая глядзіць дапытліва на сьвет, – якую таямніцу дам я ёй?

Караліна Мацкевіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org