RFE/RL |
Кастрычнік 2000 году. Я са сваімі сябрамі вырашыў прайсьціся ад Стоўбцаў
у Нясьвіж, каб адчуць дух, які павінен адчуваць кожны гісторык: дух сярэдневечча.
Стоўбцы праводзілі нас скрыжаваньнем дарог, і мы накіраваліся праз амаль пустую мясцовасьць па-над плыткім Нёмнам у бок Нясьвіжа. Фактычна праз колькі часу нас сустрэў сваёй ніякаватай веліччу Новы Сьвержань. Гэта цікавая мясьціна, але ў той момант, калі пасяродку вёскі мы ўбачылі храм каталіцкі, маленькі, на ўзвышку, абгорнуты драўляным тынам і даволі вялікую праваслаўную царкву, на прыклад уніяцкіх храмаў барочнага тыпу, гэтае суседзтва – ўражвала. Менавіта злучэньне гэтых дзьвюх розных канфэсій на адным перакрыжаваньні пачуцьцяў, яно канцантравала энэргію. Маленькі ручай наталіў нашую смагу, мы хацелі пабачыць Беларусь такой, якая яна ёсьць. Каб біў вецер у твары. Мы йшлі. Беларускае сярэдневечча. Нясьвіж. Зьлева – замак. Далей – Фара. Хаця й сустрэла нас халоднымі зачыненымі брамамі, але яна ўзвышалася над усім. Яна паволі падштурхоўвала нас увайсьці ў веліч Нясьвіжа – паглядзець на плошчы, паглядзець на гандлёвы рад, прасунуцца да Альбы і ўбачыць тое, што бачылі госьці, якія прыязджалі да Радзівілаў. Слуцкая Брама. Я ніколі яшчэ не адчуваў таго, што адчувае чалавек, які разумее, які адчувае сваю радзіму пад скляпеньнямі Слуцкай Брамы. Іду далей. Вулка. Зварочваю. У далечыні – Кляштар Бернардынак. Мост. Лістота. Лістота шапаціць пад нагамі. Гэта – ўваход у тую эпоху, якая прываблівае, зацягвае чалавека 20-га стагодзьдзя. Іду далей. Брама. Сэрца ня б’ецца, яно – чакае. Уваходжу. І чуюцца даволі абразьлівыя словы папулярнага, але папсовага сьпеву. Пэдагагічны каледж – гэта не сярэдневечча. Андрэй Любы, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |