RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Бадай я ўспомню зусім недалёкае мінулае – канец красавіка-травень 96-га году. Пасьля Чарнобыльскага Шляху адбыўся вялікі хапун. Амаль усё кіраўніцтва фронту і найбольш актыўныя фронтаўцы былі кінутыя за краты, спадар Зянон Пазьняк уцёк за мяжу. Усе фронтаўцы ўтрымліваліся ў спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна, а майго брата ды Сіўчыка зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар на Валадарскага. Ім шылі крымінальныя справы. Адвакатка Надзея Дударава адразу сказала маёй братоўцы ды мне, што справа гэтая – некрымінальная, і ніякімі спасылкамі на крымінальны кодэкс брата ня вызваліш, што справа гэтая – палітычная, і вызваляць яго трэба палітычнымі сродкамі. “Арганізуйце пікет ля муроў Валадаркі”.

Так мы і зрабілі. Напісалі плякат, узялі паперу для збору подпісаў за вызваленьне вязьняў, на шматку паперы напісалі “Свабоду прафэсару Хадыку ды Сіўчыку”, прышылі да адзеньня і пайшлі да муроў. На наступны дзень да нас далучылася і Ганна Сіўчык з малым дзіцем.

Увечары мы заходзілі ў сядзібу фронта. Там, дзе калісьці раілася шмат людзей, было пуста. Нас сутракалі толькі Станіслаў Гусак ды Асташынскі. Не было аргтэхнікі і нават часткі мэблі. Фронт быў практычна разгромлены.

А пад мурамі да нас спачатку прыходзіла зусім няшмат людзей. Нават і братоўка, і Галіна Васільеўна Сіўчык у роспачы пыталіся: “А дзе ж фронт, чаму ён нічога ня робіць?” На гэта я адказвала: “Фронт – гэта мы, стойце, і людзі нас падтрымаюць”. Так і адбылося. З кожным днём людзей прыходзіла болей і болей.

Нас праганялі ды арыштоўвалі міліцыянты, вазілі ў суд, дзе выносілі папярэджаньні, казалі, што калі мы прыйдзем яшчэ, дык так лёгка не аддзелаемся. Яны ірвалі нашыя плякаты, зрывалі нашыя нашыўкі, мы крычалі і на наступны дзень прыходзілі ізноў. А побач з намі ўвесь час знаходзіўся журналіст Радыё Свабода. Ён запісваў і лаянку міліцыянтаў, і наш лямант, і кожны дзень даваў інфармацыю ў эфір. Тым самым ён надаваў нам мужнасьці.

Толькі праз 18 дзён зьняволеньня брата і Сіўчыка Фронт пачаў выходзіць з шокавага стану. 14 траўня Малады Фронт арганізаваў магутную дэманстрацыю пратэсту. Людзі рашуча ішлі пад дубінкі і прайшлі-такі да Валадаркі. Яны крычалі “Жыве Беларусь!”, каб вязьні пачулі, што яны не адны.

А праз 25 дзён зьняволеньня і галадоўкі брата і Сіўчыка выпусьцілі зь вязьніцы пад падпіску аб нявыезьдзе, а праз год спынілі справу. Лукашэнка ўпершыню адступіў.

Тады, калі мы заходзілі да Надзеі Дударавай, яна нам казала: “Вы робіце правільна. Вы нават не ўяўляеце сабе, якую справу вы робіце”.

І зараз, азіраючыся на такое недалёкае мінулае, я ўвесь час зьдзіўляюся, што могуць зрабіць тры слабыя жанчыны і адзін журналіст.

Ларыса Ляпарская
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org