RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У далёкім ужо 1931 годзе я ўпершыню патрапіў у нашую пракаветную Вільню. Жыў я тады ў вёсцы Масьцішча Дзісенскага павету, вучыўся ў польскай пачатковай школе, а па вечарох чытаў беларускія газэты і кніжкі, якія прывозіў зь Вільні мой родны дзядзька Кузьма.

Дзядзька быў адукаваным чалавекам. У мікалаеўскую вайну даслужыўся да штабс-капітана. Жыў у Вільні і працаваў у беларускіх арганізацыях.

Аднойчы, прыехаўшы чарговым разам на пагасьціны, дзядзька запытаўся, ці чытаю я беларускія кніжкі. У адказ я прачытаў верш Якуба Коласа, і дзядзька, уздыхнуўшы, прамовіў: “Трэба цябе, Пятрок, у Вільню выпраўляць, у Беларускую гімназію”.

І вось верасьнёўскім днём 31-га году мы з бацькам селі на калёсы і паехалі на чыгуначную станцыю. На станцыю прыехалі позна вечарам, бацька ўзяў квіток і, каб я яго не згубіў, узьдзеў на нітку ды павесіў мне на шыю. У цягніку я сядзеў нерухома і з трывожным сэрцам глядзеў на цёмныя дрэвы, што плылі за вагоннай шыбай. Толькі на раніцу зьвёў вочы і тут жа пачуў: “Panowie, Wilno”. Выйшаў з цягніка і аслупянеў: тлум, гармідар, паны і паненкі. Дагэтуль даводзілася бываць толькі ў Дзісьне, які я лічыў вялікім местам, а тут патрапіў у сапраўдны эўрапейскі горад і, вядома ж, зьніякавеў. На шчасьце тут жа ўбачыў дзядзьку Кузьму і перавёў дых.

Да дзядзькі (ён жыў на вуліцы Віцебскай) ехалі на рамізьніку. Я, вясковы падшыванец, глядзеў на віленскія камяніцы, на гладкі брук, на вялізныя аўтобусы з надпісам “Арбон” на баках і не даваў веры, што буду жыць і вучыцца ў гэтым тлумным і вялікім месьце.

А наступнай раніцай мяне чакала новае ўзрушэньне. Дзядзька прывёў мяне ў Беларускую гімназію, што месьцілася ў Базыльянскіх мурах. У той жа дзень сеў за парту.

Першы ўрок быў урокам геаграфіі, які вёў настаўнік Пётар Шчасны. Вывучалі, памятаю, краіны Азіі, настаўнік мне вельмі спадабаўся. Асабліва спадабалася тое, што ён гаманіў не па-польску, а на нашай роднай беларускай мове. На перапынку да мяне падышлі хлопцы-аднаклясьнікі: два Янкі, Рагач ды Станкевіч, і два Лявоны, Кароль ды Луцкевіч. Паляпалі па плячы, сказалі, што ў першы дзень вучобы яны таксама хваляваліся. А на вялікім перапынку я пазнаёміўся і з дзьвюма дзяўчынамі, Людай Сідлючонак і Аленай Шырмай, дачкою нашага знакамітага музыкі.

З той шчасьлівай для мяне пары мінула амаль сем дзесяцігодзьдзяў, але я і дагэтуль чую звонкія галасы маіх аднаклясьнікаў і ў сваіх, часьцяком, снах бачу наш кляс пад высокімі скляпеньнямі – тую сьвятую мясьціну, дзе гадавалася і гартавалася беларушчынаю

Пятро Лаўрычонак
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org