RFE/RL |
Тое, што найбольш мне запомнілася з маёй палітычнай дзейнасьці, якраз зьвязанае
ня столькі з палітыкай, колькі з маёй функцыяй перакладчыка прэзыдэнта
Леха Валэнсы пад час візыту, які ён нанес у Менск.
Тады якраз амэрыканцы збамбардавалі Багдад. Гэта быў вынік іх нейкіх палітычных меркаваньняў, і журналісты пачалі пытаць як спадара Шушкевіча, так і прэзыдэнта Валэнсу, якія іх адносіны да гэтага факту. Спадар Шушкевіч адказаў, што ведае столькі, колькі тэлебачаньне, дык нічога ня скажа. А прэзыдэнт Валэнса кажа: “А ja powiem…”(я скажу). Пярэпалах у яго атачэньні – што ён скажа. Бо прэзыдэнт Валэнса быў вядомы тым, што можа нешта нечаканае сказаць, і да таго ж зьяўляўся пострахам усіх перакладчыкаў, якія ніколі ня ведалі, што трэба будзе перакладаць. Прэзыдэнт Валэнса вельмі доўга гаварыў, і яго думка была такая, што павінны быць нейкія міжнародныя ўзброеныя сілы, якія б у выніку міжнародных пагадненьняў наводзілі б недзе парадак. Але так гэтую думку шырока ілюстраваў рознымі прыкладамі, што нарэшце дайшоў да такога сказу, які я запомню на ўсё жыцьцё. Ён сказаў: “Bo taki Indianin w rezerwacie zrzuci portki, skoczy przez plot, і jemu nic. A nas by komary zagryzly”. Я думаю: “О, Божа!”. Перакладаць, не перакладаць, але баяўся, бо калі раз скараціў яго выказваньне, прэзыдэнт сказаў: “O, slysze, ze moj tlumacz mnie skraca”. Гляджу – ніхто не дае мне ніякага знаку, дык пачынаю перакладаць, і з гэтага ўсяго замест “w rezerwacie” перакласьці “у рэзэрвацыі”, то сказаў “у рэзэрвуары”, і ўся заля сьмяецца. А я не разумею, чаму сьмяюцца. Толькі беларускі перакладчык падказаў: “У рэзэрвацыі…” Толькі тады зразумеў, што я гавару. А вынік усяго гэтага быў такі, што прэзыдэнт Валэнса на канец сказаў, што кепска было б, каб нехта адчуў сябе жандарам сьвету, і ўсе журналіст пабеглі падаваць вестку, што прэзыдэнт Валэнса скрытыкаваў амэрыканцаў. Я дачакаўся толькі, што ў прэсе напісалі, відаць, прэзыдэнт сказаў нешта, а пэўне ж, перакладчык меў кепскі дзень. Алег Латышонак
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |