RFE/RL |
Гэта быў мой другі экзамэн па спэцыялізацыі – я паступаў на спэцыялізацыю “псыхалёгія і сацыяльная рэабілітацыя асобы сродкамі мастацтва. Справа ў тым, што першы экзамэн у мяне быў такім бэнэфісам – я там граў на дудцы й чытаў свае вершы. Дужэ гарно дажэ размаўляў зь імі ўкраіньскаю моваю (акрамя таго, што размова была беларускаю моваю)… Я зрабіў такі фурор, што мне нават уручылі мой экзамэнацыйны ліст са словамі: “Цудоўна, выдатна! Вось вам адзнака. Вы малайчына! І спадзяемся вас бачыць нашым студэнтам”… І вось мне другі экзамэн – гісторыя выяўленчага мастацтва. Я цягну білет. Пытаньне: “Клясычная венская школа”. Моцарт, Бэтховэн… І другое пытаньне: “Выяўленчае мастацтва Беларусі XX стагодзьдзя”… Ну, справа ў тым, што я вярнуўся ў Беларусь пасьля дзесяцігадовага перапынку ў 98-м годзьдзе. А ў 99-м паступаў ва ўнівэрсытэт. І як бы я… да Беларусі дачыненьне такое… толькі па тэлевізіі нешта там слухаў… – я жыў ва Ўкраіне. Я падумаў, што першае я, канешне, раскажу. Ну – Моцарт! Бэтховэн!.. Ну, што там! Я занатаваў усё ў гэтым пытаньні, але ж наступнае пытаньне – акрамя Шагала й Малевіча ў XX стагодзьдзі я амаль анічога ня ведаў. Зноў жа, спадзяюся на тое, што я паводле адукацыі актор – трэба ж неяк выпаўзаць з сытуацыі! А мяне ж усе ведаюць, ад мяне чакаюць нечага выдатнага! І на першае пытаньне я паліў такую ваду, яшчэ й Баха прыплёў… Усё, што я ведаў – хто там на каго паўплываў – распавёў… І наступнае пытаньне – “выяўленчае мастацтва Беларусі XX стагодзьдзя” – я пачынаю ім казаць: “Я ведаю – вось Малевіч, Шагал!”… А потым я так гучна-гучна кажу: “А болей я нічога ня ведаю!” – І яны адразу мне (цішком): “Цішэй. Чаго Вы крычыце?.. Вы ж так выдатна здалі экзамэны – навошта Вы крычыце? Тут жа людзі сядзяць, студэнты… Узгадайце, ну нешта яшчэ…” Я кажу: “Ну, ня ведаю я, перад вамі – як ліпка, голы”. Яны пераглянуліся паміж сабою: “Ну добра, Вы толькі нікому нічога больш не кажыце. Выходзьце і ўсё будзе цудоўна”. Я выходжу й думаю – ну, на “3+”… Я ж толькі на палову пытаньня адказаў. “3+” забясьпечана. Выходзіць камісія пасьля ўсіх і раздаюць квіткі з адзнакамі. Мне ціхенька даюць, пасьміхаюцца… Я думаю: “Ну, ну…” – там “3+”, ну, “4” з нацяжкаю… А там – “5”!!! Вось гэта мяне ўразіла! А адчуў сваю годнасьць, гонар!.. Што гэта не галоўнае – што чалавек ведае зараз. Зато потым ён будзе абавязкова гэта ведаць! Вось гэта мяне вельмі ўразіла. І цяпер я дасканала ведаю ўсю гісторыю Беларусі XX стагодзьдзя. Рыгор Латышэвіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |