RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Разы са два хадзіў у прусы,
Куды ня трапяць беларусы?

Гэта можна аднесьці і да савецкіх пэдагогаў. Куды толькі нас не піхалі: і ў розныя лягеры, і ў піянэрскія, і ў працоўныя.

Ну і вось трапіў я так, праўда ня ў прусы, але ў піянэрскі лягер. У тую пару мы вельмі сябравалі зь немцамі. Я маю на ўвазе “прагрэсыўных” немцаў, з былой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, а ня тых, якія там усялякія “бундэс”…

Ну і вось аднойчы выклікае мяне да сябе начальнік лягера. Абдарыўшы мяне прыстойным выхлапам, ён сказаў:
– Да нас прыязжаюць немцы.
– Ну і што, – кажу – хай сабе парыяжджаюць.
– Ну дык вось, рыхтуй прамову.
– Якую прамову?
– Сустрэчную, на нямецкай мове, мы ж павінны паказаць, што і мы тут ня лыкам шытыя, якія-небудзь сярмяжнікі.
– Дык слухайце, я ж вучуся на гішпанскім факультэце, і нямецкую я ведаю так, збольшага.
– Ты мне давай тут не развадзі. Нямецкая мова якая? Замежная. А ты вычысься ў інстытуце замежных моваў. Так што давай рыхтуй прамову.
– А калі яны прыязжаюць?
– Ну заўтра ці пасьлязаўтра. Рыхтуй.
– Дык можа пусьціце мяне ў горад зьезьдзіць, што-небудзь паглядзець, якія-небудзь слоўнічкі там, выразы?
– Ну моладзь пайшла, ну моладзь! Без паперкі слова ня вымавіць. Яжджай у горад.

Паехаў я ў горад, знайшоў свайго калегу-студэнта, ён там быў на канікулах. Зь нямецкага факультэту. Потым сачыніў ён мне прамову. Там было ўсё: і “дружба фройншафт” і… толькі “Гітлер капут” не было. Усячына была такая, вельмі інтэрнацыянальная і вельмі прыстойная.

Вярнуўся я, начальнік сказаў мяне не чапаць, і вось я хадзіў і зубрыў. Я, нават, нічога не памятаў. Зубрыў, зубрыў. У мяне там роіліся нейкія дзеясловы…

Ну ладна. Аказваецца немцы прыехалі зраньня. Ну там была сустрэча, уздыманьне сьцягаў, уздыманьне рук, “ура”, “дружба фройншафт”, потым сказалі, што буду выступаць я. Ну мая праца не прапала дарэмна. Усё-ткі я нешта зазубрыў, і вось я пачаў выдаваць пра інтэрнацыяналізм, пра супрацоўніцтва, пра тое, што мы “новая историческая общность” і гэтак далей. Чую: “Во дае!”. А я ўжо так узбадзёрыўся і працягваў “даваць”. І раптам трах! Забыўся канец прамовы. Там перада мной проста нейкае бяздоньне разверзлася.

Стаю я там, калупаюся ў сваіх зьвілінах… Нічога, зьнік канец прамовы сярод мільярда шэрых клетак. І тут – усё ж ёсьць Бог на сьвеце – успомніў я выраз Марка Твена. Ён казаў, што немцы напрыканцы кожнай фразы дабаўляюць нешта накшталт таго, што “Ich habe gehabt haben Werden geviesen sein”. Навошта яны гэта робяць, ня ведаю, але гэта гучыць важка і прыгожа. І я думаю, што – ўсё роўна гінуць, і выдаў гэта “Ich habe gehabt haben Werden geviesen sein”. Немцы спачатку маўчалі, а тады як пачалі рагатаць, пляскаць у далоні. Гледзячы на іх, усе нашыя таксама аж ногі пазадзіралі.

А потым мне начальнік сказаў:
– Ну вось бачыш, атрымалася. А ты прыдурваўся.

Якуб Лапатка, Гэльсынкі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org