RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Увосень 96-га году я ехаў на вучобу ў Парыж. Упершыню на захад – і адразу ў Парыж.

Суткі, якія я правёў у аўтобусе, што рушыў з Варшавы, я амаль ня спаў, разглядаючы краявіды, што набліжалі мяне да гораду дзіцячай мары. Хоць я ўжо быў, як той казаў, бальшым хлопцам, у галаве целяпаліся штампы і стэрэатыпы, загнаныя яшчэ ў савецкай школе, пра драпежнасьць капіталістычнага сьвету. Савецкія жахалкі перамяжаліся расповядамі новага часу пра сьвет-казку, маўляў, варта толькі перасекчы шангенскую мяжу, і ўсе праблемы жыцьця вырашацца адразу.

Я не расчараваўся ў горадзе сваёй мары. Усё было менавіта так, як у кніжках і ў кіно, і, мне здаецца, нават лепей. Я меў правучыцца ў Парыжы ажно месяц, і амаль увесь вольны час я прысьвяціў блуканьням па горадзе. Па шчырасьці, я быў агаломшаны сусьветнай культурнай сталіцай, дзе, фактычна, кожны камень зьвязаны зь якой-небудзь гістарычнай падзеяй. У мяне ўзьнікла пачуцьцё, нібыта я – пылінка ў космасе.

Я пабачыў там прадстаўнікоў самых розных расаў і нацыяў. Асабліва кідаліся ў вушы польская і расейкая мовы, але я не сустрэў ніводнага чалавека, які быў бы нейкім чынам зьвязаны з Беларусьсю.

І вось ужо перад самым ад’ездам на радзіму, я забрыў у невялікую кавярню на поўначы Парыжу – там жывуць пераважна прадстаўнікі каляровых эмігрантаў, найперш мурынаў. Кавярня месьцілася на мяжы беднага чорнага кварталу, куды белыя французы асьцерагаюцца заходзіць. Свайго кшталту анкляў, дзе нават прысутнасьць паліцыі –досыць умоўная. Тым больш мне было цікава паглядзець на гэты экзатычны, як для беларуса, куток Парыжу.

Я зайшоў у кавярню, замовіў сандвіч, у мяне ўтаропіліся непрыязныя позіркі. Не пасьпеў я зьесьці палову, як да мяне падкаціўся мурын, верагодна, самы круты з прысутных. Ягоныя жэсты ды інтанацыю можна ўявіць, як сумесь савецкіх крымінальнікаў і афрыканскіх рэпераў, ну хіба што пальцы не растапырваў. Мурын пагрозьліва запытаўся ў тым сэнсе, маўляў, зь якога я раёну і што мне тут патрэбна. Я ветліва адказаў, што майго раёну ён ня ведае, а ў кавярні я хачу пад’есьці. Мурын сказаў, што гэтая кавярня каляровая і выразна сьціснуў кулакі. Мне здаецца, што мой адказ быў для Парыжу не тыповым, бо я запытаўся: “Дык што?”. “Дык што” па-французку ў маім выкананьні прагучала, відаць, непісьменна, і мой суразмоўца зразумеў, што я іншаземец. Кулакі расьціснуліся, і было зададзенае другое стандартнае ў Парыжы пытаньне: “Зь якой ты краіны?” “Зь Беларусі”, – адказаў я, рыхтуючыся да звыклых, шматслоўных тлумачэньняў пра геаграфію, дзе знаходзіцца тая Беларусь. Але рэакцыя крутога чорнага хлопца была нечаканай – ён заўсьміхаўся, паціснуў мне руку і запрасіў да свайго століка.

Далей ён загаварыў па-расейску, часам украпляючы беларускія і расейскія словы. Высьветлілася, што хлопец вучыўся ў Кіеўскім палітэху, а ягоная дзяўчына – у БДУ. Таму ён добра ведае Менск і мой раён, дзе я жыву. І такіх як ён “беларусаў” і “ўкраінцаў” у чорным квартале вельмі шмат. Ён сказаў, што я магу сьмела хадзіць па квартале, і калі будзе нейкі канфлікт з тутэйшымі, я магу сьмела спасылацца на імя гэтага крутога хлопца.

Мы доўга пілі піва, успаміналі Менск, і адчуваньне пылінкі ў космасе ў мяне адразу зьнікла.

Севярын Квяткоўскі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org