RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Цягнік на Гомель. За вакном мільгаюць палі, лугі, дрэвы, па небе плывуць прыгожыя аблокі, але я не заўважаю іх. Я ехала на суд да мужа сваёй лепшай сяброўкі. Андрэя абвінавачвалі ў злачынстве, якога ён не рабіў. Зьяўляючыся сябрай Гэльсынскага камітэту, я мела права ўдзельнічаць у судовых працэсах у якасьці грамадзкага абаронцы.

І вось, як абаронца, я змагла наведаць хлопца ў гомельскім СІЗА, у якім ён знаходзіўся ўжо больш за год. Лічу, што мне пашанцавала ўбачыць СІЗА знутры на свае вочы. Першымі кінуліся ў вочы супрацоўнікі СІЗА – ад іх патыхала холадам, як і ад сьценаў гэтай страшнай пабудовы. Ёсьць там нешта злавеснае і, нават, жудаснае. Чаго толькі вартыя адны дзьверы, якія зробленыя з жалеза і адчыняюцца зь непрыемным гукам. А каб трапіць у пакой для сустрэчы са зьняволеным, давялося прайсьці праз шэсьць такіх дзьвераў. Я ішла па калідорах турмы, а па маёй сьпіне беглі дрыжыкі. Рабілася асабліва жудасна, калі за мной зачыняліся чарговыя дзьверы. Было такое пачуцьцё, што зваротнай дарогі адсюль няма.

Канваір прывёў мяне ў пакой для спатканьняў. Прысеўшы на драўляную лаўку, я машынальна хацела падсунуць яе пад сябе, але на жаль яна была прымацаваная да падлогі, як і стол і зэдлік. Дарэчы, гэта была ўся мэбля, што была ў тым пакоі. Мне сказалі чакаць. Я кінула позіркам у вакно – збоку вуліцы яно было забранае кратамі, потым ішла падвойная аконная рама. У гэтае вакно я змагла глядзець толькі некалькі сэкундаў. Усё тыя ж аблокі плылі па блакітным небе, але праз краты і мэталёвую сетку глядзець на іх было немагчыма. Вось тады, менавіта ў тое імгненьне, я зразумела цану слова “свабода” і як страшна яе страціць, зразумела, што такое глыток свабоды, калі з пачуцьцём вялікае палёгкі праз некалькі гадзінаў я выйшла на ганак Гомельскага СІЗА. Папраўдзе кажучы, я ніколі ня думала, што глыток свабоды – гэта проста глыток сьвежага, нетурэмнага паветра, а свабода – гэта калі ты думаеш і адчуваеш не на загад турэмшчыка.

Я села ў цягнік, і за вакном замільгацелі палі, лугі, дрэвы, па небе плылі прыгожыя аблокі. І папраўдзе кажучы, я не магла на іх нагледзецца. Вы не ўяўляеце сабе, якую асалоду я атрымала ад таго, што магла глядзець на аблокі праз звычайнае вакно цягніка столькі, колькі хацела мая душа.

Тацяна Кучынская, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org