RFE/RL |
Я хацеў бы расказаць два выпадкі, якія наклаліся адно на адно. Гэта было
практычнае дасьведчаньне асыміляцыі, дасьведчаньне таго, як цяжка праводзіцца
праца стварэньня нейкай культурнай прасторы, нацыянальнай культурнай прасторы,
і як лёгка гэтая прастора разбураецца.
Два гады назад я падарожнічаў па Беласточчыне, па беларускіх гэтых мясцовасьцях у таварыстве аднаго пана доктара, зубнога доктара, які быў праваслаўны. Мы езьдзілі па вёсках беларускіх, польскіх, былі ў Белавежы, размаўлялі па-беларуску, па-польску. Ён дзівіўся, як хораша гучыць беларуская мова. Быццам бы ён яе ніколі ня чуў. І ў рэшце рэшт ён мне сказаў: – Мой дзед быў солтысам у гэтай вёсцы. Быў праваслаўным, але ня надта чуў сябе беларусам. Я зьяўляюся праваслаўным палякам. Хіба ёсьць праваслаўныя палякі?.. Вядома, я ня стаў зь ім спрачацца, добра ведаючы ягоную дачку. Яна праваслаўная, але палячка на 101 працэнт. На працягу трох пакаленьняў адбылася поўная асыміляцыя, прыстасаваньне да культуры пануючай, да культуры дамінуючай. Літаральна праз пару дзён я вярнуўся ў Гародню, быў запрошаны на дзень нараджэньня да сяброў. І адзін з прысутных, добры такі чалавек, інжынэр-будаўнік падымае тост і кажа: – Няхай выбачыць мне Алесь, – ня ведаю чаму ён палічыў патрэбным прасіць у мяне прабачэньня, – але я буду гаварыць па-расейску, я выхаваны ў расейскай культуры. Падымае чарку, і ў гэты момант яго жонка перабівае яго і кажа: – Што ты пляцеш? Твае бацькі з-пад Наваградка, твае маці і бацька да гэтага часу ня ўмеюць гаварыць па-расейску… І гэты хлопец стаіць з чаркай і гаворыць: – Во як мяне жонка залатвіла… Алесь Краўцэвіч, Горадня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |