RFE/RL |
Зусім нядаўна я даведаўся пра закрыцьцё Чарнобыльскай АЭС і падумаў: гэта
ж трэба так, што амаль чвэрць чалавечага жыцьця спатрэбілася для таго,
каб прыйсьці да такога мудрага рашэньня.
З гэтай нагоды мне прыпомніўся адзін выпадак, які адбыўся са мной на Палесьсі. Трэба сказаць, што Палесьсе – гэта мая Бацькаўшчына, амаль з самага дзяцінства бацькі вазілі мяне туды на адпачынак, з чатырох гадоў. І я так прызвычаіўся езьдзіць туды адпачываць, што езьдзіў туды і студэнтам, і ўжо калі працаваў. Вось аднойчы я прыехаў на Палесьсе. Як заўсёды з раніцы лавіў рыбу, а пасьля прыходзіў у сад – памятаю, там стаяў стол, на якім сушылі яблыкі, грушы – дык вось клаўся на яго, чытаў, драмаў пад час самай сьпякоты. Вакол яблыні, грушы, сьлівы, вішні… Цудоўны пах, цудоўнае надвор’е. І вось аднойчы я так прыдрамаў, ня памятаю, колькі я спаў, але раптам мяне нешта пабудзіла. Я так, амаль не расплюшчваючы вочы, паглядзеў направа, налева, раптам, гляджу, на плоце вісіць нейкае дзяўчынё – гадоў 8-11, ну такая прыгожая… Я думаў, што мне гэта мроіцца… Блакітнавокая, русавалосая, як абраз, такая беларусачка-беларусачка… А яна ня ведае, што я прачнуўся. І яна з такой цікавасьцю глядзіць на мяне… Я думаю, трэба кашлянуць. Кашлянуў, і яна страпянулася так, паглядзела і кажа: – Ведаеце, Вы ўсё нашае сонейка так высмакчаце. Засьмяялася і пабегла недзе. Гэта колькі гадоў прайшло, і толькі ў 86-м годзе, калі атрымаўся гэты выбух на Чарнобыльскай АЭС, я прыпомніў гэтую гісторыю, гэтае дзеўчанё, гэты нечаканы, паэтычны выраз дзяўчынкі, і мне падумалася: сапраўды, яна, як беларускі Настрадамус, прадбачыла гэтае здарэньне, што сонейка ёй нехта высмакча, нехта скрадзе… Сяргей Краўчанка, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |