RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хачу расказаць адну гісторыю, якая адбылася са мной прыкладна трынаццаць-чатырнаццаць гадоў назад, калі я працаваў у Алжыры перакладчыкам з геолягамі. Адначасова я перакладаў для беларускіх выдавецтваў французкіх аўтараў, у тым ліку творы Сартра і Наталі Сарот.

Перакладаючы Сартра і Наталі Сарот, я сустрэў такіх некалькі выпадкаў, гаворка ішла пра рэаліі трыццатых гадоў. Безумоўна, ніякіх зьвестак нідзе я знайсьці ня мог, і я вырашыў сустрэцца зь некаторымі французамі, бо яны, як носьбіты мовы, можа быць, ведалі б гэтыя рэаліі. На жаль, ніхто зь іх нічым мне дапамагчы ня змог. І вось раптам у адзін дзень мяне выклікаў алжырскі дырэктар нашай кампаніі і сказаў, што з цэнтральнага аддзяленьня, са сталіцы, прыйшоў выклік, каб мяне паслаць у Сахару. Чаму, навошта, – ніхто гэтага сказаць ня мог, і абсалютна было дзіўна і невядома, навошта гэта трэба рабіць.

Тым ня менш высокага начальства загады не абмяркоўваюцца, і я вымушаны быў сесьці ў самалёт і паляцець у Сахару. Калі я туды прыляцеў, я патэлефанаваў на мясцовую геалягічную базу. Там таксама мяне ніхто не чакаў. Словам, адбылася нейкая абсалютна незразумелая памылка: я быў прыняты за польскага перакладчыка.

Праз тры дні гэта высьветлілася, але калі гэта высьветлілася, і я мог бы вяртацца назад, пачалася пясчаная бура. Усе вылеты былі зачыненыя, аэрапорт не працаваў, і адзіная на той час геалягічная партыя, французская, якую ўзначальваў француз, з Сахары, непасрэдна з поля, вярнулася на базу. Француза падсялілі да мяне.

Гэта быў стары, вельмі стары геоляг, які нарадзіўся на пачатку стагодзьдзя, і, як высьветлілася, ён вучыўся нават ў адным клясе з вядомым французкім пісьменьнікам Райманам Кёно. Пасьля Сахары, дзе яму не было з кім гутарыць, бо суправаджалі яго там арабы, ён накінуўся на мяне, і мы прагутарылі зь ім недзе ледзь не да пятай гадзіны раніцы. І вось, паміж іншым, я спытаў у яго і пра гэтыя рэаліі.

А гаворка ішла пра нейкі “жюмо”. Па-французску – гэта любая парная рэч, гэта можа быць як і бінокль, і двайняты, і гэтак далей. Ён сказаў, што, сапраўды, у трыццатыя гады гэта была вялікая навіна, што ў Канадзе нейкая жанчына нарадзіла адразу ці пяцёх, ці шасцёх дзяцей, вось…

Ну і другая таксама рэалія: мне трапіўся ў Сартра такі ўрывак, дзе чалавек стаяў на вуліцы і чакаў “абэ”. Што такое “абэ”, нідзе я знайсьці ня змог, але падазраваў, што гэта аўтобус. І сапраўды гэта быў аўтобус, але ня нейкі там пэўны аўтобус, а гэта маршрут быў. Аказваецца, да вайны ў Парыжы маршруты пазначаліся не нумарамі, а літарамі, і калі весь алфавіт быў вычарпаны, пачыналіся ўжо падвойныя пазанчэньні – абэ, ацэ, адэ і гэтак далей. Вось такім чынам гэтая памылка дапамагла мне дакладна перакласьці тое, што ў прынцыпе перакласьці немагчыма.

Зьміцер Колас
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org