RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Адна з гісторый, якія мне помняцца найбольш, гэта гісторыя пра тое, як я фатаграфаваў Біла Клінтана, калі ён прыяжджаў у Беларусь. Было гэта ў апошні год, калі беларускім парлямэнтам кіраваў Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч.

Вельмі рана нас, журналістаў, павезьлі ў аэрапорт Менск-2, потым павялі на лётнішча, пастроілі доўгім ланцугом і прымусілі фотаапаратуру пакласьці на зямлю. Першым прыляцеў самалёт з амэрыканскімі журналістамі, іх было вельмі шмат, яны мелі прывілею здымаць Біла Клінтана бліжэй як беларускія фатографы. Пазьней прыляцеў самалёт Біла Клінтана. Перад тым, як мы яго фатаграфавалі, ахова амэрыканскага прэзыдэнта прыйшла да нас, беларускіх фатографаў, з сабакам, які абнюхваў нашыя фотакайстры, абнюхваў нас. Нам было дазволена зрабіць здымкі сустрэчы Шушкевіча з Клінтанам.

На ўсе астатнія сустрэчы, якія адбываліся ў гэты дзень, беларускіх фатографаў не пускалі, але вельмі хацелася зрабіць які-небудзь цікавы здымак. Я справабаў патрапіць на сустрэчу ў Акадэмію Навук, дзе Біл Клінтан выступаў перад вучонымі, але менскія міліцыянты не пусьцілі мяне, бо я ня меў туды акрэдытацыі. Потым Клінтан павінен быў наведаць Курапаты. Я ведаў, што ён будзе ехаць па праспэкце і хацеў сфатаграфаваць яго картэж, але мяне беларуская міліцыя папярэдзіла, што ахова прэзыдэнта, калі ўбачыць нейкую падазроную асобу, можа страляць без папярэджаньня.

Усё-ткі я паспрабаваў здымаць у Курапатах. Я паехаў у Курапаты з надзеяў, што мне удасцуа зрабіць гэты здымак. Калі я прыехаў у Курапаты, я ўбачыў, што каля дарогі няма аховы. Было шмат міліцыі, стаяў картэж машын Клінтана, але на мяне асабліва ніхто не зьвярнуў увагі. Я асьцярожна сышоў уніз, у кусты, вельмі асьцярожна, азіраючыся (а раптам недзе будзе ахова – але мяне ніхто не сустрэў, я нікога ня ўбачыў), праз кусты выйшаў на тое месца, дзе стаіць крыж у Курапатах. Калі я выйшаў, я зьнямеў ад нечаканасьці, бо перад сабою ўбачыў амэрыканскага прэзыдэнта, які ў гэты момант размаўляў з Зянонам Пазьняком. І самае дзіўнае, што побач зь імі нікога не было. Не было тэй аховы… Вядома, я стаў азірацца па баках – раптам мне забароняць гэта рабіць, але нікога ня ўбачыў. Тады я стаў даставаць сваю фотаапаратуру і хацеў дастаць фотаўспышку, таму што ўжо зьмяркалася і без асьвятленьня здымаць было амаль немагчыма. Але я падумаў, што калі я буду здымаць з фотаўспышкай, тады могуць убачыць, што я тут зьявіўся і фатаграфую. І я не рызыкнуў здымаць з фотаўспышкай, зрабіў некалькі кадраў з вялікай вытрымкай з надзеяй, што кадры атрымаюцца якасныя.

Калі я фатаграфаваў, ні Зянон Пазьняк, ні Біл Клінтан на мяне ўвагі не зьвярнулі. Мне, канешне, хацелася падысьці бліжэй, падысьці з аднаго боку, з другога, але я не рызыкнуў, баяўся, што ахова прэзыдэнта можа мяне ўбачыць, і я зноў схаваўся ў кустах.

Анатоль Кляшчук, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org