RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У свой час давялося мне быць асыстэнтам рэжысэра на карціне. Гэта было ў сьнежні 1991 году. Стужка, якую мы здымалі, называлася “Полёт ночной бабочки”. Галоўны рэжысэр – Юры Бяржыцкі, а я быў у той час асыстэнтам рэжысэра па рэквізыце. Вось ён аднойчы выклікае мяне і кажа: “Слухай, у нас паводле сцэнару патрэбна зрабіць даляры. Галоўны герой выйграе значную суму ў казіно, потым ідзе са сваёй каханкай у нумар, там раскідае, а потым яны будуць лётаць у нас на пляжы. Дык вось трэба зрабіць даляры”. Ну добра, кажу.

Пайшоў па кінастудыі “Беларусьфільм”, пытаюся ў людзей, у каго ёсьць даляры. Ні ў кога няма. Хадзіў-хадзіў, потым знайшоў. Нехта прынес з дому, бо ў той час даляраў у людзей не было. Нехта прынес адзін даляр, пяць і дзесяць. Вось гэтыя тры паперкі, я зь імі іду да мастака. Уладзімер Кавалёў мне кажа: “Зробім раздрукоўку і пабачым, што з гэтага адбудзецца”. Раздрукавалі мы амаль тысячу даляраў, але адбылося так, што на паперцы з аднаго толькі боку. Тады прыходжу да мастака і кажу: “Што будзем рабіць?” Ён кажа: “Сядай, будзем рэзаць”. Узялі мы нажніцы, сталі разразаць гэтыя даляры, потым пачалі іх склейваць, потым узялі пэндзалькі і фарбы і пафарбавалі іх у зялёны колер.

Прыехалі мы на здымкі ў Сочы – гэта ўсё адбывалася ў гатэлі “Ленінград”. Нясу галоўнаму рэжысэру паказваць гэтыя даляры. Ён паглядзеў і кажа: “Слухай, яны вельмі новыя. Трэба зрабіць, каб яны былі больш звычайныя, пакамечаныя крыху”. Добра. Мы з мастаком што толькі не рабілі – камечылі іх, хадзілі па іх. Пасьля гэтых працаў даляры выглядалі як звычайныя.

І вось адбылося так, што недзе праз тыдзень гэтыя даляры, што ляжалі ў мяне на тумбачцы ў гатэлі, нехта скраў. Калі я прыйшоў і сказаў галоўнаму рэжысэру, што грошай няма, нехта скраў іх, усе сьмяяліся. Але мне было не да сьмеху, бо столькі працы было пакладзена, каб зрабіць гэтыя фальшывыя даляры. Першы раз у жыцьці давялося стаць фальшываманетчыкам. Колькі было пакладзена працы, каб зрабіць гэтыя даляры сапраўднымі, і таму, калі ўсе сьмяяліся, мне было не да сьмеху. Было шкада, што страчана столькі часу.

Давялося перарабляць гэтую справу наноў. Потым, калі я прыехаў у Менск, недзе праз месяц у газэце “Вячэрні Мінск” чытаю: “В Сочи, в гостинице “Ленинград” лицами кавказской национальности была выкрадена крупная партия долларов. Всё было бы хорошо, но эта партия была изготовлена на обычном ксероксе”.

Міхась Кіцель
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org